Дзяніс Садоўскі: мясцовыя ўлады атрымалі каманду зрабіць выбары максімальна стэрыльнымі (відэа)

21 лютага 2014 19:21  |  Галоўныя навіны

Масавая
нерэгістрацыя дэмакратычных кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў
менавіта на тых акругах, дзе планавалася назіранне кампаніі “Права выбару”
сведчыць пра тое, што ўлады баяцца актыўнага назірання і баяцца канкурэнцыі
паміж сапраўды моцнымі кандыдатамі, якія добра ведаюць праблемы рэгіёнаў ды
ўзмоцненыя падрыхтаванымі і ідэйна матываванымі назіральнікамі, і сваімі чужымі
для людзей наменклатурнымі прызначэнцамі. Такая выснова была зробленая
ўдзельнікамі кампаніі назірання за мясцовымі выбарамі “Права выбару”,
прэс-канферэнцыя сябраў Сакратарыяту якой прайшла 21 лютага ў Мінску.

 

На прэс-канферэнцыі, у якой узялі ўдзел намеснік старшыні
Партыі БНФ Ігар Лялькоў і адказнысакратар Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Дзяніс Садоўскі, было падкрэслена:
ужо вынікі фармавання тэрытарыяльных, акруговых і ўчастковых выбарчых камісіяў
засведчылі, што ўлады баяцца рэальнага ўліку волевыяўлення грамадзян, а вынікі
рэгістрацыі кандыдатаў пераканаўча сведчаць аб іх страху перад моцнымі
кандыдатамі, падтрыманымі актыўным назіраннем.

 

Пасля таго, як па выніках фармавання ТВК і АВК колькасць
апазіцыйных прадстаўнікоў у іх паменшылася, адпаведна, у 3 і ў 6,5 разоў, ва
ўчастковыя выбарчыя камісіі, якія непасрэдна займаюцца падлікам галасоў, было
ўключана толькі 8 прадстаўнікоў ад арганізацый-удзельніц кампаніі “Права
выбару” пры агульнай колькасці 67 069 сябраў участковых камісій. Упершыню за
ўсю гісторыю незалежнай Беларусі ні аднаго прадстаўніка ад апазыцыйных
арганізацыяў не ўключылі ні ў адну камісію ўсіх узроўняў у горадзе Мінску. На
думку Дзяніса Садоўскага, “гэта сведчыць пра тое, што мясцовыя ўлады атрымалі
каманду зрабіць гэтыя выбары максімальна “стэрыльнымі” – фінальныя лічбы будуць “маляваць” толькі
правераныя кадры з “Белай Русі” ды БРСМу, ніхто звонку да гэтай “кухні” не
павінен быць дапушчаны”.

 

Гэтая выснова падцвярджаецца і вынікамі рэгістрацыі
кандыдатаў у дэпутаты. Там, дзе кампанія “Права выбару” планавала актыўнае
назіранне – найбольшы працэнт незарэгістраваных кандыдатаў ад
арганізацый-удзельніц кампаніі. Агулам па Беларусі з 218 кандыдатаў, на акругах
якіх было запланаванае назіранне “Права выбару”, па надуманых прычынах было не
зарэгістравана 109 кандыдатаў – роўна 50%. Асаблівую “пільнасць” улады праявілі
на Гомельшчыне, дзе была незарэгістраваная кандыдатам у Палату прадстаўнікоў
Нацыянальнага Сходу адзіны кандыдат ад дэмакратычных сілаў рэгіёну Галіна
Краўчанка, а таксама яшчэ 31 кандыдат з усіх 36, на акругах якіх планавалася
назіранне. Пры гэтым абсалютны рэкорд устанавіла Гомельская гарадская выбарчая
камісія, адмовіўшы ў рэгістрацыі 61 прэтэндэнту на кандыдацтва ў дэпутаты
Гомельскага гарсавету. Не нашмат лепш прайшла рэгістрацыя і ў Віцебскі гарсавет
– з 13 прадстаўнікоў кампаніі “Права выбару” было адмоўлена ў рэгістрацыі 9-ці.

 

Ігар Лялькоў звярнуў увагу на тое, што “мясцовае чынавенства
баіцца рэальна моцных кандыдатаў ад апазыцыі, якія сваёй дзейнасцю падцвердзілі
здольнасць вырашаць мясцовыя праблемы і да таго ж падмацаваныя моцнымі
камандамі назіральнікаў. Нават пры абсалютна “стэрыльных” выбарчых камісіях
прызначаныя ўладамі наменклатурныя “кандыдаты” баяцца канкураваць з мясцовымі нефармальнымі лідарамі. Інакш
нельга растлумачыць нерэгістрацыю той жа Галіны Краўчанкі ў Гомелі, Таццяны
Севярынец, Хрыстафора Жаляпава і Аляксея Гаўруцікава – у Віцебску, Таццяны
Караткевіч, Дзмітрыя Кучука і Марыны Хоміч – у Мінску і многіх іншых. На іх
фоне “кандыдаты ад улады” выглядаюць блякла і нецікава”.

 

На ўсе неабгрунтаваныя выпадкі нерэгістрацыі будуць
пададзеныя скаргі ў вышэйшыя выбарчыя камісіі, а потым, калі спатрэбіцца, і ў
суды. Аднак, маючы мала спадзяванняў на беларускае правасуддзе, кампанія “Права
выбару” гатовая працягнуць сваё назіранне ў запланаваным аб’ёме на тых акругах,
дзе кандыдаты ўсё ж такі зарэгістраваныя. Наша мэта застаецца ранейшай – не
менш за 1500 назіральнікаў на не менш за 750 участках.

Болей навін