Віталь Рымашэўскі: Рэжым рыхтуе спісы на выпадак масавых рэпрэсій

24 лютага 2014 15:57  |  Галоўныя навіны

Пастаноўка оргструкутр партый на ўлік – рэакцыя беларускіх
уладаў на падзеі ў Украіне. Такое меркаванне выказаў сустаршыня аргкамітэта па
стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) Віталь Рымашэўскі,
каментуючы сайту charter97.org пастаноўку оргструкутр палітпартый і грамадскіх
арганізацый на ўлік.

 

«Зусім нядаўна рэжым, як раз наадварот – адмаўляўся ставіць
на ўлік і рэгістраваць палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі, пазбаўляючы
іх магчымасці легальнай дзейнасці. Цяпер улады змянілі тактыку і хочуць
падлічыць ўсіх актывістаў і ўсе структуры грамадскіх арганізацый і палітычных
партый. Безумоўна, гэта робіцца для таго, каб мець базу дадзеных на выпадак
масавых рэпрэсій. Відавочна, што такія дзеянні з’яўляюцца рэакцыяй на тое, што
адбываецца ва Ўкраіне», – заявіў ён.

 

На думку палітыка, «і без таго жорсткія законы дзеючы рэжым
робіць яшчэ больш жорсткімі і перастрахоўваецца, прымаючы новыя рэдакцыі Закона
«Аб ваенным становішчы» і«Аб палітычных партыях».

 

«Але я думаю, што гэта не можа рэальна паўплываць на працу
палітычных партый і грамадскіх арганізацый у Беларусі, паколькі Лукашэнка па
сутнасці пазбавіў ўсякай магчымасьці арганізацыі, а тым больш партыі,
паўнавартасна дзейнічаць і працаваць. І не адна з формаў палітычнай дзейнасці ў
Беларусі зараз па сутнасці недаступная: забараняюцца пікеты, немагчыма законна
надрукаваць прадукцыю і гэтак далей. Гэта, з аднаго боку. З іншага, відавочна,
што наяўнасць тых ці іншых законаў ніколі не спыняла так званыя «суды» і рэпрэсіўныя
органы беларускага рэжыму», – дадаў Віталь Рымашэўскі.

 

Нагадаем, пастановай Саўміна № 141 ад 18 лютага 2014 г
зацверджаны Палажэнне аб парадку ўліку арганізацыйных структур палітычных
партый і грамадскіх аб’яднанняў і Палажэнне аб парадку спынення дзейнасці такіх
арганізацыйных структур. Пастанова ўжо ўступіла ў сілу з 20 лютага бягучага
года.

Болей навін