ЦВК не збіраецца прыводзіць сваю практыку ў адпаведнасць з заканадаўствам

28 лютага 2014 10:13  |  Галоўныя навіны

Намеснік старшыні
ЦВК Беларусі Мікалай Лазавік назваў беспадстаўным зварот кіраўніцтва
аргкамітэту Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі з просьбай прывесці тэрміны па
абскарджванні рашэнняў выбарчых камісій у адпаведнасць з беларускім
заканадаўствам.

 

Мікалай Лазавік
адзначыў, што скарочаныя тэрміны, якія ўжываюць для абскарджвання выбарчыя камісіі, дзейнічаюць
з 2006 года, і дазваляюць ім найбольш аператыўна рэагаваць на парушэнні.

 

Нагадаем, кіраўніцтва
БХД 24 лютага пераслалакалектыўны зварот у Цэнтральную выбарчую камісію, у якім адзначаецца
неправамоцнасць пп. 4 п. 10 Практычнага дапаможніка для тэрыятарыяльных і
акружных камісій пра тое, што трохдзённы тэрмін на абскарджванне нерэгістрацыі
ўключае дзень, у які было выдадзена адпаведнае рашэнне.

 

Аднак артыкул 192
Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь і артыкул 150
Грамадзянска-працэсуальнага кодэкса вызначаюць, што тэрмін “пачынаецца на
наступны дзень пасля каляндарнай даты цi наступлення падзеі, якім вызначаны яго
пачатак”. “Згодна з артыкулам 10 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб
нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь” ад 10 студзеня 2000 г. №
361 – кодэксы маюць большую юрыдычную моц у адносінах да іншых законаў”, –
падкрэсліваецца ў звароце.

 

“Такім
чынам, тлумачэнне, дадзенае ў дапаможніку, з якога вынікае, што ў трохдзённы
тэрмін ўваходзіць дзень, у які прынята рашэнне, супярэчыць заканадаўству і
парушае законныя правы грамадзян Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, паколькі
рашэнне камісіі выносіцца пасля пачатку яе працы (г.зн. фактычна ў сярэдзіне
або другой палове дня), і згодна з Выбарчым заканадаўствам можа ўручацца на
наступны дзень (як паказвае практыка рашэнні камісій падчас дзеючай выбарчай
кампаніі выдаваліся менавіта на наступны дзень пасля іх прыняцця) пры вылічэнні
тэрміну на абскарджанне згодна з дапаможнікам, у асобы, якая мае намер
абскардзіць рашэнне, фактычна ёсць толькі адзін дзень. Гэта таксама супярэчыць
нормам Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь пра трохдзённы тэрмін для
абскарджвання рашэнняў. У цяперашні час абскарджваюцца рашэнні выбарчых камісій
аб адмове ў рэгістрацыі ў якасці дэпутатаў. Прынцыпова важным з’яўляецца
правільны падлік тэрмінаў для абскарджання. Просім унесці змены ў Дапаможнік і
растлумачыць ў ім правільны парадак вылічэння тэрмінаў згодна з дзеючым
заканадаўствам Рэспублікі Беларусь і данесці гэтую інфармацыю да ўсіх камісій
на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”, – адзначае ў звароце кіраўніцтва БХД.

 

ЦВК не збіраецца прыводзіць сваю практыку ў адпаведнасць з заканадаўствам
ЦВК не збіраецца прыводзіць сваю практыку ў адпаведнасць з заканадаўствам

Болей навін