Кіраўніцтва БХД абскарджвае адпіску ЦВК у Генпракуратуры

03 сакавіка 2014 10:14  |  Палітыка

Прадстаўнікі
кіраўніцтва аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская
Дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі, Дзяніс Садоўскі і Павал Севярынец
звярнуліся з калектыўным зваротам у Генеральную пракуратуру Беларусі і
Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследванняў.

 

У звароце яны
просяць правесці экспертызу адпаведнасці нормаў Выбарчага кодэкса і пастановы
ЦВК № 20 ад 2013/02/17 адносна тэрмінаў абскарджвання з дзейным заканадаўствам
Рэспублікі Беларусь. Папярэдні адказ
на свой зварот у ЦВК
па гэтай жа тэме кіраўніцтва БХД лічыць
“неабгрунтаваным і неразгледжаным па сутнасці”.

 

Нагадаем, кіраўніцтва БХД 24 лютага пераслала калектыўны зварот у
Цэнтральную выбарчую камісію, у якім адзначаецца неправамоцнасць пп. 4 п. 10
Практычнага дапаможніка для тэрыятарыяльных і акружных камісій пра тое, што
трохдзённы тэрмін на абскарджванне нерэгістрацыі ўключае дзень, у які было
выдадзена адпаведнае рашэнне.

 

Аднак артыкул 192 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь і артыкул 150
Грамадзянска-працэсуальнага кодэкса вызначаюць, што тэрмін “пачынаецца на
наступны дзень пасля каляндарнай даты цi наступлення падзеі,
якім вызначаны яго пачатак”. “Згодна з артыкулам 10 Закона Рэспублікі
Беларусь “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь” ад 10
студзеня 2000 г. № 361 – кодэксы маюць большую юрыдычную моц у адносінах да
іншых законаў”, – падкрэсліваецца ў звароце.

 

“Такім чынам, тлумачэнне, дадзенае ў дапаможніку, з якога вынікае, што
ў трохдзённы тэрмін ўваходзіць дзень, у які прынята рашэнне, супярэчыць
заканадаўству і парушае законныя правы грамадзян Рэспублікі Беларусь. Акрамя
таго, паколькі рашэнне камісіі выносіцца пасля пачатку яе працы (г.зн. фактычна
ў сярэдзіне або другой палове дня), і згодна з Выбарчым заканадаўствам можа
ўручацца на наступны дзень (як паказвае практыка рашэнні камісій падчас дзеючай
выбарчай кампаніі выдаваліся менавіта на наступны дзень пасля іх прыняцця) пры
вылічэнні тэрміну на абскарджанне згодна з дапаможнікам, у асобы, якая мае
намер абскардзіць рашэнне, фактычна ёсць толькі адзін дзень. Гэта таксама
супярэчыць нормам Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь пра трохдзённы тэрмін
для абскарджвання рашэнняў. У цяперашні час абскарджваюцца рашэнні выбарчых
камісій аб адмове ў рэгістрацыі ў якасці дэпутатаў. Прынцыпова важным
з’яўляецца правільны падлік тэрмінаў для абскарджання. Просім унесці змены ў
Дапаможнік і растлумачыць ў ім правільны парадак вылічэння тэрмінаў згодна з
дзеючым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь і данесці гэтую інфармацыю да ўсіх
камісій на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”, – адзначае ў звароце
кіраўніцтва БХД.

 

Болей навін