Камітэт салідарнасці з Украінай заклікае байкатаваць расейская тэлеканалы, тавары і паслугі
20 сакавіка 2014 12:08 | Галоўныя навіны
У Менску
прадстаўнікамі палітычных партый, грамадскасці і інтэлігенцыі створаны Камітэт
салідарнасці з Украінай, у які ўвайшлі прадстаўнікі дэмакратычных партый, грамадскіх
і моладзевых арганізацый.
Мэтай Камітэту
вызначаная падтрымка ўкраінскага народу, які сутыкнуўся з расейскай агрэсіяй.
На першым
паседжанні да Камітэту далучылася больш за 30 прадстаўнікоў партыяў і
арганізацыяў, сярод якіх БХД, АГП, ПБНФ, БСДП(Г), Малады Фронт, Фонд Льва
Сапегі, грамадская кампанія “За Волю”, Рух “Разам” і іншыя.
Было вырашана
правесці шэраг круглых сталоў, вечароў салідарнасці, арганізаваць інфармацыйныя
спецвыпускі, распачаць шырокую кампанію салідарнасці з Украінай у сацыяльных
сетках.
У склад Камітэту
ўвайшлі: Павал Севярынец, Аляксей Янукевіч, Ганна Шапуцька, Зміцер Дашкевіч,
Ігар Рынкевіч, Алесь Марачкін і іншыя. Узначаліў яго сустаршыня аргкамітэту па
стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Георгі
Дзмітрук.
Наступнае
паседжанне Камітэту салідарнасці з Украінай запланавана на 26 сакавіка ў Менску
а 18-й гадзіне на Чарнышэўскага 3А.
Падаем тэкст
звароту, прынятага Камітэтам салідарнасці з Украінай:
Заява Беларускага камітэта салідарнасці з Украінай
Менск, 17 сакавіка 2014 года
Дарагія суайчыннікі!
Сёння на нашых вачах адбываецца адкрытая агрэсія пуцінскай Расеі супраць украінскага народа, які ахвярна змагаецца за сваю свабоду і незалежнасць.
Расправы з актывістамі Майдану, спробы падарваць еўрапейскую перспектыву Украіны, анэксія Крыму і крывавыя правакацыі на украінскім усходзе і поўдні – відавочная стратэгія, за якой стаіць Крэмль.
Адсутнасць пакаяння Расеі за генацыд паняволеных народаў, Галадамор, ГУЛАГ і злачынствы савецкага камунізму непазбежна вяртае Маскву да новых захопніцкіх войн.
Мы, грамадзяне Беларусі, прадстаўнікі палітычных партыяў і грамадскіх арганізацыяў, ствараем Камітэт салідарнасці з Украінай.
Мы звяртаемся да беларусаў з заклікам байкатаваць афіцыйныя расейскія тэлеканалы і друкаваную прадукцыю, перапоўненыя прапагандай вайны, а таксама расейскія тавары і паслугі, продаж якіх з’яўляецца адной з крыніцаў фінансавання агрэсіі.
Мы заклікаем арганізоўваць вечарыны, акцыі салідарнасці і інфармацыйнай падтрымкі братняга ўкраінскага народа.
Сёння Украіна. Заўтра можа быць Беларусь.
Запрашаем усіх 25 сакавіка 2014 года выйсці на акцыю Дзень Волі пад бел-чырвона-белымі і жоўта-блакітнымі сцягамі.
Мы заклікаем усіх вернікаў і цэрквы маліцца за Украіну, Беларусь і усе тыя народы, якім пагражае крамлёўская агрэсія.
Слава Украіне! Жыве Беларусь!