У Гарадзенскім раёне адмаўляюцца адкрыта лічыць галасы (фота)
Участковая
камісія Капцёўскага выбарчага ўчастку № 22 (Гарадзенскі раён) адмаўляецца
праводзіць адкрыты падлік галасоў 23 сакавіка. Пра гэта старшыня камісіі
Санюковіч адказаў Гарадзенскаму абласному каардынатару аргкамітэту БХД Міколу
Баўсюку.
Мікола Баўсюк у
сваім звароце прапаноўваў асобна ўскрываць скрыні для датэрміновага
галасавання, на хатах і ўдзень галасавання на ўчастку, і гэтак жа паасобку
падлічваць бюлетэні, якія ў іх знаходзіліся. Галасы каардынатар БХД прасіў
падлічваць паасобку за кожнага кандыдата.
“Адзін з
сябраў камісіі, дэлегаваны ўчастковай камісіяй шляхам галасавання, робіць
падлікаў галасоў па кожным з кандыдатаў, а таксама пададзеных супраць усіх
кандыдатаў. Падлік адбываецца ўслых (называецца прозвішча кандыдата, за якога
быў пададзены голас выбаршчыка), кожны бюлетэнь дэманструецца астатнім сябрам
камісіі, назіральнікам і раскладваецца ў стосы шыльды з прозвішчамі
кандыдатаў”, – адзначалася ў звароце, у якім прапаноўвалася і магчымасць перападліку
галасоў.
Аднак Санюковіч
адзначыў, што гэта супярэчыць заканадаўству, у чым менавіта ён не паведаміў, і
заявіў, што будзе праводзіць падлік галасоў у адпаведнасці з арт. 55 Выбарчага
кодэксу і дапаможнікам ЦВК, якія ні ў чым не супярэчаць прапановам Міколы
Баўсюка.
“Мы не
патрабуем змяняць выбарчае заканадаўства. Мы прапануем яго выконваць”, –
адзначыў каардынатар аргкамітэту БХД.