Безальтэрнатыўна, датэрмінова, сфальсыфікавана
Нягледзячы на практычна безальтэрнатыўныя выбары на
Гарадзеншчыне, назіральнікі адзначаюць, што ўлады імкнуцца любымі шляхамі
датэрмінова прыцягнуць выбарцаў на ўчасткі.
Назіральнік ад БХД Мікола Баўсюк зьдзіўлена кажа, што сёлета
пры безальтэрнатыўных выбарах фальсыфікацыяў болей, чым на папярэдніх. Ён
прыводзіць прыклад: нават сьпісы выбарцаў у вёсцы Капцёўка пачалі складаць не
паводле алфавіту, а паводле адрасоў, каб лепш было відаць, каму з блізкіх можна
прапанаваць прагаласаваць за чалавека, які не прыйшоў. Вельмі зьдзівіла Баўсюка
і новаўвядзеньне старшыні камісіі (яна ж дырэктарка школы).
Баўсюк: «Яна прапанавала, каб бацькі па дзяцей прыходзілі ў
школу з пашпартамі, нібыта яна ў вёсцы ня ведае ў твар бацькоў сваіх вучняў.
Але ж гэта яўна дзеля таго, каб прымусіць іх датэрмінова прагаласаваць. Гэта
прамое парушэньне Выбарчага кодэксу — прымус да галасаваньня».
Адзіны ў Ваўкавыску незалежны кандыдат у раённы савет
Аляксандар Сезень апавядае: ужо неаднойчы ягоныя выбарцы скардзіліся, што іх
прымушаюць галасаваць датэрмінова. Сам ён у дні датэрміновага галасаваньня
прайшоўся па ўчастках, вывесіў там сваю праграму. Але як толькі пайшоў з
участка, што ў будынку ФОКа, ягоную праграму зьняў сам старшыня камісіі.
Зьдзівілася прыходу кандыдата і старшыня выбарчага ўчастка ў
гімназіі № 2. Сезень быў проста шакаваны тым, што яна яму сказала:
Сезень: «Ды вы, маўляў, не перажывайце, у нас усё нармальна.
А я кажу: вы ж там чэсна палічыце. А яна: маўляў, мы чэсна лічым, у нас усё
добра, заробак маем па 3 мільёны, усё даводзім да толку ў школе, і выпіць ёсьць
за што, і на стале ёсьць — усё нармальна. І гэта кажа дырэктар гімназіі. Ну
хіба гэта ня сьмешна? І сьмешна, і сумна…».