25 сакавіка: дзень у гісторыі беларускага народа паводле кс. Адама Станкевіча

25 сакавіка 2014 13:56  |  Грамадства

 

Плошча Свабоды, Катэдральны касцёл імя Найсвяцейшай Панны Марыі і іншыя месцы Мінска звязаныя з гісторыяй нараджэння і нядоўгага існавання незалежнай дзяржавы – Беларускай Народнай Рэспублікі, якая 25 сакавіка, якраз у свята Звеставання Пана, 96 год таму атрымала права на жыццё.

Ксёндз Адам Станкевіч, які прысвяціў адну са сваіх манаграфій — «Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення» — гэтаму пытанню, у раздзеле «Народзіны ідэі суверэннай Беларусі», адзначыў, што «у цяжкіх патугах і болях нарадзіўся ідэал незалежнай суверэннай нацыянальнай Беларусі», маючы на ўвазе ўсе этапы падрыхтоўкі да гэтай важнай падзеі — прыняцця ІІІ-яй Устаўной Граматы і працягу адстойвання незалежнасці.

У сваёй працы святар і даследчык адзначае, што Акт, прыняты 25 сакавіка 1918 года «займае галоўнае месца ў справе нацыянальна-палітычнага вызвалення».

«Актам гэтым беларускі народ праз вусны сваіх лепшых сыноў выявіў свой найвялікшы ідэал незалежнай Беларусі. Маючы гэты ідэал, народ наш рабіў магчымыя сабе захады, каб яго здзейсніць, каб зрабіць яго сапраўднасцю,» – адзначыў кс. Адам Станкевіч.

«На жаль, сілы аказаліся яшчэ заслабыя і ідэал незалежнай Беларусі покуль што так ідэалам і астаўся, заахвочваючы беларускі народ да далейшай вытрывалай працы і барацьбы за сваю незалежнасць у будучыні».

Святар адзначае, што гэты ідэал жывы, ён — не «скасцянелая формула». «Ён жывы, актуальны і штораз больш захапляе масы беларускага народа. Жывучасць і актуальнасць гэтага ідэалу відацца хоць бы з таго, што, з аднаго боку, усё беларускае нацыянальнае і незалежнае грамадзянства стойка і рашуча яго бароніць і астаецца яму верным; а зноў, з другога боку, — ворагі гэтага ідэалу таксама рашуча і заядла яго ганьбяць і паборваюць».

«Усе народы на ўсім свеце: белыя, чорныя, жоўтыя, чырвоныя або праз працу і барацьбу ўжо здабылі сабе незалежнасць, або для яе далей працуюць і за яе борацца, праліваючы часта кроў сваю».

Даследчык у сваю чаргу неаднаразова падкрэслівае, што «ад людзей, урэшце, пастаронніх, нават не ворагаў нашых, можна часта пачуць закід, што ідэал незалежнасці Беларусі — гэта ўтопія, гэта ніколі не выканальная фантазія. Нічога. Гэтаксама ўтопіямі называлі незалежніцкія імкненні шмат-шмат якіх народаў. Аднак прыйшоў час, і гэтыя ўтопіі сталіся фактам. Мы верым, што так будзе і з беларускім народам. Калі толькі народ наш проймецца наскрозь ідэалам сваёй незалежнасці і як след зразумее ўсю веліч і важнасць яго і калі наступяць адпаведныя варункі, дык Незалежнасць гэту ён здабудзе напэўна».

 

Аксана Ючкавіч

Выкарыстаныя крыніцы:

1.Выбранае/ Адам Станкевіч; Уклад., прадм. і камент. Ул.Конана — Мн.: Кнігазбор, 2008.

Болей навін