Назіральніка выгналі з роднай школы
Надзея Іюльская, якая адзначыла сваё 70-годдзе, пажадала назіраць у той школе, якую заканчвала – СШ №1, дзе месціўся ўчастак 44 Чкалаўскай выбарчай акругі № 19. З напарніцай яна прыйшла на выбарчы ўчастак у 7 гадзін раніцы. Быў час прыпомніць школьнае дзяцінства: настаўнікаў, цікавыя паходы, сустрэчу на Нарачы з Міхасём Лыньковым… Настаўнікі, распавядае яна, былі “чалавечыя”.
“У класе вучылася пяць дзетдомаўцаў, дык нас настаўніцы запрашалі да сябе дахаты. Ад дзіцячага дома №7 не засталося нават вуліцы, хаця будынак ацалеў.”
Надзею Іларыёнаўну чакала горкае расчараванне: у сценах роднай школы яна прабыла толькі дзве з паловай гадзіны. Яна прыпомніла, што трэба праверыць подпісы на бюлетэнях. Ступіла крок да стала… Старшыня камісіі па выбарах Зайко В.В. палічыў гэта дастаткова сур’ёзным парушэннем, каб выдаліць яе з назірання без аніякіх фармальнасцей. “Нас настаўнікі вучылі сумленнасці, — сказала Н.Іюльская на развітанне школьнаму складу камісіі. — А вы чаму вычыце дзяцей?”