Камітэт салідарнасці з Украінай: не дапусціць уцягвання Беларусі ў канфлікт РФ з Украінай

31 сакавіка 2014 11:44  |  Галоўныя навіны

Беларускі Камітэт
салідарнасці з Украінай на паседжанні 26 сакавіка абвясціў сваёй стратэгічнай
задачай супрацьдзеянне ўцягванню беларускай дзяржавы ў ваенны канфлікт супраць
Украіны.

 

Прадстаўнікі
Камітэту ў прынятай заяве асудзілі вайсковую агрэсію Расеі супраць Украіны,
выказалі падтрымку ўкраінскаму народу і запатрабавалі недакладнага спынення
вайсковай агрэсіі супраць Украінскай дзяржавы і вываду расейскіх войскаў з
тэрыторыі Украіны. Удзельнікі паседжання таксама выступілі катэгарычна супраць
уцягвання Беларусі ва ўзброены канфлікт з Украінай, супраць удзелу беларускіх
жаўнераў у вайсковых дзеяннях на тэрыторыі Украіны, за неадкладны вывад усіх
расейскіх войскаў з Беларусі і ліквідацыю ўсіх расейскіх вайсковых баз у
краіне.

 

“Мы патрабуем ад беларускага ўраду
спыніць любыя дзеянні, якія могуць успрымацца як агрэсіўныя ў дачыненні да
Украіны. Патрабуем адмовіцца ад правядзення вайсковых вучэнняў на мяжы з
Украінай, а таксама перамяшчэння вайсковых частак на мяжу з Украінай”, –
гаворыцца ў заяве.

 

Апроч таго,
Камітэт салідарнасці з Украінай звярнуўся да ўрадаў краінаў-падпісантаў
Будапешцкага мемарандуму аб гарантыях бяспекі ў сувязі з далучэннем Украіны і
Беларусі да дамовы аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі з просьбай выканаць свае
абавязацельствы і выкарыстаць усе магчымыя меры для неадкладнага спынення
расейскай агрэсіі і захавання незалежнасці, суверэнітэту і існуючых межаў
Беларусі і Украіны.

 

Таксама распачаты
збор подпісаў грамадзян Беларусі супраць уцягвання Беларусі ў вайну. Запрашаем
усіх жадаючых далучыцца да працы Камітэту. Скачаць падпісныя аркушы можна тут:https://www.facebook.com/groups/218388188359907/http://vk.com/salidarnasc_ukraina_belarus. Паставіць подпісы, што маюць
юрыдычную моц паводле беларускага заканадаўства, можна і онлайн: http://sjabry.org/.

 

Наступнае
паседжанне запланаванае на 9 красавіка, 18 00 на Чарнышэўскага 3-А. Кантактны
тэлефон 80291673435.

Болей навін