Віталь Рымашэўскі: рэжым Лукашэнкі разумее толькі пазыцыю сілы

02 красавіка 2014 10:48  |  Галоўныя навіны

1 красавіка ў
Брусэлі адбылося паседжаньне рабочай групы па Беларусі ў межах сэсіі
Парлямэнцкай асамблеі Ўсходняга партнэрства «Эўранэст».

 

Да ўдзелу была запрошана дэлегацыя беларускіх дэмакратычных
сілаў у складзе Партыі БНФ, Руху «За Свабоду», Аб’яднанай грамадзянскай партыі,
кампаніі «Гавары праўду», БХД, партыі левых «Справядлівы сьвет».

 

У інтэрвію
карэспандэнту Свабоды адзін зь лідэраў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі
Віталь Рымашэўскі распавёў, пра што ён выказаўся ў Эўранэсьце.

 

«Тут у Брусэлі
таксама размова ішла пра тое, як паўплывала сытуацыя ва Ўкраіне на падзеі ў
Беларусі, пра пляны беларускіх дэмсілаў. Што тычыцца плянаў дэміслаў, то ў нас
ужо ёсьць пазытыўныя вынікі. Ёсьць першыя прапановы пра вылучэньне адзінага
кандыдата, і гэта было сустрэта з радасьцю. Што да падзей ва Ўкраіне, то вайна
ва Ўкраіне — гэта ў тым ліку вынік той рэал-палітык, якая праводзілася вялікай
часткай эўрапейскіх палітыкаў, эўрапейскіх дзяржаў. Уварваньне ва Ўкраіну
Пуціна не нагода апраўдваць іншыя аўтарытарныя рэжымы ў Эўропе. Пазыцыя Захаду
адносна Беларусі была надзвычай слабай. І галоўная выснова, якую рэжым
Лукашэнкі вынес з падзей у Крыме, гэта слабасьць і бясьсільле Захаду
прадпрымаць нешта ўсур’ёз. Таму ў Беларусі было павелічэньне рэпрэсій падчас
мясцовых выбараў параўнальна зь мінулымі кампаніямі. Рэжым Лукашэнкі разумее
толькі пазыцыю сілы. Безумоўна, павінна быць адкрытая пазыцыя ЭЗ. І найперш
гэта адкрытасьць павінна тычыцца беларускага грамадзтва, пазытыўных прапаноў да
беларускай дзяржавы ў цэлым. Але разам з тым павінен быць цьвёрды нэгатыўны
мэсыдж. Калі апраўдваць тое, што ў Беларусі трэба падтрымліваць аўтарытарны
рэжым, каб Беларусь ня страціла незалежнасьць, то з такімі ж аргумэнтамі можна
падтрымліваць і Пуціна, каб Расея ня страціла незалежнасьць ад Кітаю. Такім
чынам можна апраўдаць усясьветны фашызм і імпэрыялізм. І такая пазыцыя была
сустрэта з разуменьнем палітыкамі, дасьведчанымі ў стасунках з рэжымам у
Беларусі».

Болей навін