Новаабраны абласны савет просяць патлумачыць сваю пазіцыю наконт Малога памежнага руху (фота)

04 красавіка 2014 13:49  |  Галоўныя навіны

Грамадскія актывісты кампаніі “За малы памежны
рух!” просяць патлумачыць пазіцыю новаабранага Гарадзенскага аблсавета наконт
пагаднення аб Малым памежным руху з Польшчай і Літвой.

 

Ініцыятары кампаніі накіравалі зварот 104
грамадзян з просьбай арганізаваць сустрэчу з кіраўніцтвам новаабранага
Гарадзенскага аблсавета. Яны просяць патлумачыць пазіцыю дэпутатацкага корпуса
наконт бязвізавага руху ў прымежных з Еўразвязам рэгіёнах.

 

Шэраг апазіцыйных прэтэндэнтаў у дэпутаты ў
Гарадзенскай і Берасцейскай абласцях у сваіх праграмах падкрэслівалі
неабходнасць паскарэння бязвізавага руху з ЕС. Аднак праўладныя кандыдаты, з якіх
цалкам сфармаваны дэпутацкі корпус у саветах 27-га склікання, гэтае пытанне ў
сваіх выбарчых кампаніях абмінулі і не выказалі свайго стаўлення да бязвізавага
руху з Еўрасаюзам. Пры гэтым вялікая колькасць грамадзян прымежных рэгіёнаў зацікаўлена
ў хуткім ўвядзенні Малога памежнага руху з Польшчай і Літвой.

 

Аўтары звароту просяць разгледзець на наступнай
сесіі аблсавета пытанне аб зацягванні рэалізацыі беларускім бокам пагаднення аб
МПР. Яны таксама звяртаюцца з просьбай хадайнічаць перад прэзідэнцкай
адміністрацыяй, Міністэрствам замежных спраў Беларусі аб перадачы польскаму
ўраду ноты аб гатоўнасці беларускага боку да ўвядзення ў дзеянне Дамовы аб МПР.

 

Адзін з ініцыятараў кампаніі Зміцер Кухлей
падкрэслівае: “Савет абавязаны ўзняць на парадак дня дзяржаўных органаў пытанне
аб бязвізавым руху ў прымежных рэгіёнах. Большасць грамадзян хацела б наведваць
сваіх суседзяў без візавых бар’ераў. Згодна з Законам “Аб мясцовым
кіраванні і самакіраванні” савет “удзельнічае
ў абмеркаванні пытанняў рэспубліканскага значэння, якія закранаюць інтарэсы
адпаведнай тэрыторыі, уносіць па іх свае прапановы ў адпаведныя дзяржаўныя
органы і іншыя арганізацыі”
.

 

Кампанія “За малы памежны рух” ладзіцца хрысціянскімі
дэмакратамі ў рамках грамадскай ініцыятывы “Рада народных дэпутатаў” з 2012 г. Асноўнай
задачай кампаніі з’яўляеца павелічэнне інфармаванасці жыхароў прымежных рэгіёнаў аб
сутнасці і перавагах Дамовы аб Малым памежным руху з краінамі Еўразвязу.

 

Новаабраны абласны савет просяць патлумачыць сваю пазіцыю наконт Малога памежнага руху (фота)

Болей навін