Віталь Рымашэўскі: улада дэманструе татальны страх перад любымі праявамі грамадскай актыўнасці (відэа)

05 красавіка 2014 12:06  |  Палітыка

4 красавіка ў Мінску адбылася канферэнцыя “Украіна: міфы і гістарычная праўда”, у якой ўзялі ўдзел гісторыкі, палітолагі, палітыкі і грамадскія актывісты. Яны абмеркавалі шырокае кола пытанняў, звязаных з украінскай гісторыяй і падзеямі ў ВКЛ, БНР і сучаснай Беларусі.

Адзін з удзельнікаў канферэнцыі, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” (БХД) Віталь Рымашэўскі, адзначыў у інтэрв’ю БелаПАН: “Па сутнасці, сёння Расія распачала трэцюю сусветную вайну. Як мінімум, гэта вайна вядзецца на інфармацыйным узроўні, выкарыстоўваюцца самыя брудныя метады прапаганды. Усё пабудавана на хлусні, на падмене фактаў, паняццяў з мэтай распальвання варожасці паміж украінскім і расійскім народамі. Мы, як хрысціянскія дэмакраты, павінны гэтаму супрацьстаяць, каб спыніць беснаванне, якое ідзе, у асноўным, з расійскіх тэлеканалаў”. 

На думку Рымашэўскага, беларускай апазіцыі вельмі карысна было б вывучыць вопыт Майдана, прааналізаваць, як украінскія палітыкі рэагавалі на тое, што адбывалася падчас яго. “Яны адназначна асуджалі гвалтоўныя дзеянні, правакацыі і называлі рэчы сваімі імёнамі, яны засцерагалі людзей ужываць зброю, — кажа сустаршыня аргкамітэта БХД. — Тут яны былі значна больш рэалістычнымі, чым беларускія палітыкі, — гэтаму трэба вучыцца. З іншага боку, украінскім палітыкам, дэпутатам не хапіла смеласці, цвёрдасці, каб стаць лідарамі Майдана — і ад гэтага, лічу, было шмат памылак, ад гэтага ў тым ліку было шмат чалавечых ахвяраў. Таму што тады лідарства бралі самыя розныя людзі — не заўсёды дасведчаныя, не заўсёды дастаткова адказныя”. 

Паводле слоў Рымашэўскага, падзеі вакол Украіны прывялі да таго, што падзел беларускага грамадства стаў больш відавочным. “Вялікая яго частка падтрымлівае пераўтварэнні ва Украіне, — тлумачыць ён, — але вельмі значная частка адурманеная маскоўскай прапагандай, і гэтыя людзі больш негатыўна пачалі ставіцца і да беларускіх дэмакратычных сілаў”. 

Палітык заўважыў, што беларуская ўлада дэманструе зараз татальны страх перад любымі праявамі грамадскай актыўнасці, што паказала і апошняя выбарчая кампанія.
 

Болей навін