Бабруйскія дэмсілы высунулі прадстаўніцу БХД кандыдатам у прэзыдэнты
У Бабруйску сябры
апазыцыйных арганізацыяў вылучылі свайго прэтэндэнта на прэзыдэнцтва.
Прадстаўнікі і лідэры чатырох гарадзкіх структур палітычных партыяў ды адной
прафсаюзнай суполкі адзіным кандыдатам ад рады дэмакратычных сіл Бабруйску на
прэзыдэнцкія выбары 2015 году абралі бібліятэкарку Сьвятлану Грыцэнку. Яна —
сябра аргкамітэту дзеля стварэньня партыі «Беларуская хрысьціянская
дэмакратыя».
Актывіст
Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Юры Грынявецкі заяўляе:
бабруйскія дэмакраты, вылучыўшы прэтэндэнта на прэзыдэнцтва, прапанавалі шлях
да аб’яднаньня дэмакратычных сіл Беларусі.
«Мы вырашылі свой
шлях прапанаваць да аб’яднаньня зь нізу да верху, бо ў Менску адны звады. Там
дзеляцца на групоўкі. Мы ж хочам да адзінства прыйсьці. Усяму народу паказаць,
што апазыцыя можа аб’яднацца».
Партыец прызнае,
што вылучэнка з Бабруйску наўрад ці стане адзіным кандыдатам на прэзыдэнцтва ад
апазыцыі, але падкрэсьлівае, што іхная мэта — аб’яднаньне дэмакратычных сіл
Беларусі.
Сьвятлана
Грыцэнка пацьвердзіла Свабодзе, што пагадзілася стаць прэтэндэнткай на
вылучэньне ў прэзыдэнты ад бабруйскіх дэмакратаў. Актывістка кажа, што разумее,
якую адказнасьць бярэ на сябе, і што ейнае рашэньне — не гульня:
«Я разумею, што
гаварыльняй нічога ня зьменіш — трэба рабіць канкрэтныя справы. Мне блізкія
тэорыя і практыка малых спраў. Камусьці трэба дапамагчы дрэва сьпілаваць,
камусьці — дапамагчы прыбраць нешта, то бок трэба пачынаць з малога. У нас жа
хутка хочуць стаць прэзыдэнтамі, але не атрымліваецца. Спачатку трэба зямлю
патаптаць, каб цябе запомнілі, а потым ужо брацца за большае. Стаўленьне людзей
да апазыцыі цяпер такое, што яна лятае няведама дзе».
Паводле
актывісткі, першае, што неабходна зрабіць апазыцыі перад выбарамі прэзыдэнта, —
гэта зьмяніць падыходы да фармаваньня выбарчых камісіяў. У гэтым яна
пераканалася, калі ўдзельнічала ў сёлетняй выбарчай кампаніі. Яна балятавалася
ў гарсавет.