Лісты на верхатуры ўлады. Штрыхі да партрэта

14 красавіка 2014 08:49  |  Грамадства

Сціплая аднапакаёўка. За шклом – фотаздымкі бацькоў, у шафе – шматтомная “Беларуская савецкая энцыклапедыя” і “Этнаграфія Беларусі”, на  сцяне – рэпрадукцыя “Тайнай вячэры”, у куце – бел-чырвона-белы сцяжок. Гаспадару ў мінулым годзе споўнілася 80, гэта Міхаіл Канстанцінавіч Крыловіч.
Родам ён з Валожынскага раёна, з пратэстанцкай сям’і. Бацька, дзед і прадзед былі млынарамі. Не маючы сваёй зямлі, наймаліся да паноў. Жылі някепска: іх забяспечвалі жытлом і дровамі, давалі надзел пад агарод, карове – пашу. Заўсёды былі з хлебам і нават са скваркай.
Сын, які быў старэшым з пяцёх дзяцей, у 1954 годзе падаўся ў Мінск. Пачынаў з трактарнага завода. Потым быў вучнем на мэблевай фабрыцы, далей пайшоў на тонкасуконны камбінат, дзе адпрацаваў 27 год. Умовы працы там былі цяжкімі, у гумовых ботах зімой і летам, у выніку ад пастаяннай вільгаці “напаў радыкуліт”. Пайшоў фрэзероўшчыкам. Але не радавала маральная атмасфера: ён не курыў, не піў у кампаніях, да таго ж зямляк расказаў рабочым, што бацькі – баптысты, і на яго касавурыліся. Давялося мяняць месца працы. На трыкатажнай фабрыцы “Прагрэс”, што ля бульвара Шаўчэнкі, ён падвысіў разрад. Апошняе перад пенсіяй месца працы – велазавод.
Са старога Мінска ён запомніў поле грэчкі справа ад Даўгабродскай вуліцы (злева размяшчалася Сляпянка), Юбілейны рынак у раёне аднайменнай плошчы, дзе з маці ўвесну яны прадавалі бульбу, Старажоўскі і Суражскі рынкі. Аднойчы з ім адбылася непрыемная гісторыя. Захацеў ён прадаць стары бацькаў кажух, абцягнуты шынельным сукном, цяжэзны і латаны-пералатаны. На Старажоўцы яго ўзяла за шкірку міліцыя,  саставілі акт – выконвалі план па спекулянтах. Далі штраф у 10 рублёў. Тады рабочы чалавек звяртаецца ў гаркам партыі, з ім маюць гутарку. Крыловіч і кажа: “За што мяне пакаралі? Трэба, каб у горадзе адкрылі рынак патрыманых рэчаў, каб людзі маглі збыць лішняе”. Яму і кажа высокі партыйны чын: “Мінск даўно патрабуе, але Масква не дазваляе такога рынку. – Дык чаго варты ваш урад, калі нават на нейкі рыначак трэба пытацца дазволу ў Масквы?!”
Сям’ю Міхаіл Канстанцінавіч стварыў позна, бліжэй к 50-ці. Прызнаецца, што пераборлівы быў, усё нечага шукаў. Узяў жанчыну з хлопчыкам, нарадзілі свайго, Рамана. Меў захапленне – шмат гадоў спяваў у хоры Палаца прафсаюзаў, выступалі ў Маскве, у Літве… Але не гэтым вызначыўся чалавек, які неаднаразова быў заснавальнікам Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Ён меў выразную грамадзянскую пазіцыю і не хаваў яе. Не ў тым сэнсе ”не хаваў”, што агучваў  пры людзях – ён пісаў нязгодныя, з’едлівыя лісты ў органы савецкай улады.
Першы ліст адправіў у Саўмін у 1967 годзе, калі пачуў ад людзей, што збіраюцца зносіць Чырвоны касцёл. “Я чуў, — піша ён, — што Дом Урада не разбамбілі нямецкія лётчыкі толькі таму, што побач знаходзіцца касцёл. А вы ў мірны час  самі хочаце яго разбамбіць.” Другі, рэзкі ліст быў у газету “Звязда”, якую ён любіў за беларускую мову, з абаронай веры: вера не вучыць дрэннаму, а вы яе знічтажаеце, цэрквы бурыце, чырвоная чума распаўсюджваецца па свеце. Падпісваўся псеўданімам, нават почырк мяняў (што яму, праўда, не дапамагло).
Трэці ліст-выкрыццё адправіў тады, калі “чэхаў душылі”: “Як вам не сорамна? Вы са сваёй арміяй апазорыліся, вас увесь свет асуджаць будзе.”
Адказ не прымусіў сябе чакаць. Вось як пра гэта расказвае сам Крыловіч: -Выклікаюць мяне ў аддзел кадраў,  там двое чужых. Прапануюць пераапрануцца, выводзяць на прахадную – а там, бачу, стаіць “казёл”. Вязуць з тонкасуконнага па Мяснікова, зварочваюць на Камсамольскую, далей – у арку ля клуба імя Дзяржынскага. Ну усё, думаю, прапаў! Устроілі мне допыт: “Вы ў газету пісалі?” Перш я аднекваўся, а потым бачу – справы дрэнь, і сказаў праўду. У іх там сабраліся ўсе тры мае пісьмы. “Чаму пісаў? – За веру абідна. – А што гэта за “чырвоная чума”? А пра Чэхаславакію што ў вас сказана?”
Гадзіны тры дапрошвалі, назаўтра зноў выклікалі. Не білі, а толькі насядалі: нашто пісаў? І тут мяне асяніла: я, кажу, на  савецкую ўладу пакрыўдзіўся за тое, што мяне на чаргу на жыллё не ставяць, а мне ўжо 35 гадоў! (На самай справе я гэтую бязбожную ўладу з дзяцінства не любіў.) Я нават Хрушчову скаргу напісаў. “Карашок застаўся? – Застаўся.” Павезлі мяне ў мой інтэрнат, і я з чамадана дастаў ім паштовае ўведамленне.
Тады яны памякчэлі, але рашылі запрэгчы. “Будзеш іскупляць віну – даваць нам звесткі пра баптыстаў – дзе збіраюцца і г.д.” Іхні работнік прызначаў сустрэчы і дапытваўся, а я дурнем прытвараюся: “Ды яны адрасы мяняюць. Нічога не ведаю.” Той злуецца, пакрыкваць пачаў. Але і я асмялеў: нічога я вам не скажу, ніякіх звестак не дам. Садзіце ў турму, калі вінаваты… Паўтары гады мяне пад каўпаком трымалі, але ж вырваўся!”
У 90-х гадах немалады ўжо чалавек  хадзіў на ўсе масавыя мерапрыемствы – у золь, мароз быў побач з адраджэнцамі. Праходзіў па 15 кіламетраў да Курапатаў. У 97-м, пасля шэсця ад плошчы Перамогі да Опернага, калі схапіліся з міліцыяй, яго ўзялі ўжо каля дома. Кінулі ў каталажку, рыхтавалі на два тыдні на Акрэсціна. І толькі дзякуючы чалавечнаму маёру, Міхаіл Канстанцінавіч абышоўся адміністрацыйным пакараннем – досыць вялікім па тым часе штрафам. Але і яго здолеў “адкруціць”, бо звяртаўся ў пракуратуру, у Вярхоўны суд, і сябе адстаяў.
Эпісталярна-публіцыстычны жанр атрымаў нечаканае развіццё: лісты пайшлі Мядзведзеву (“Калі вы вынесеце Леніна?”), звяртаўся да Пуціна. Але асабліва “пашанцавала” Зюганаву. Таму ён нагадваў пра расстрэл мітынгуючых у Новачаркаску, пра жалезны занавес, ГУЛАГ, пра закупкі пшаніцы ў Канадзе: “Ну что скажете, товарищ Зюганов? Разве все не так было?” Пытаюся: “А як вы іх адрасы знаходзіце? – А вельмі проста: Масква. Крэмль, Дума…”
Цяпер пра ўсе вострыя падзеі ён піша ў “Народную волю” і беражна захоўвае выразкі. Пра падзеі вакол Крыма выказаўся так: ” Расія ідзе па стапах Гітлера. Той таксама далучыў Судзеты, бо там жыло шмат немцаў. Вы ўсюды панаехалі, дык што – нашы землі трэба забіраць?”
 
Лісты на верхатуры ўлады. Штрыхі да партрэта
 
Галіна Каржанеўская

Болей навін