МХД прапануюць БРСМ адмовіцца ад дзяржфінансавання

14 красавіка 2014 14:37  |  Галоўныя навіны

Аргкамітэт па
стварэнні ГА “Маладыя Хрысціянскія Дэмакраты” даслаў зварот на імя першага
сакратар ЦК ГА “БРСМ” Ігара Бузоўскага.

 

Аўтары звароту
нагадваюць, што 4 красавіка на адкрыцці Рэспубліканскага моладзевага
інтэрнэт-форуму ён заявіў, што “БРСМ ўзмацніў працу ў сацыяльных сетках,
блогасферы, на форумах незалежных інтэрнэт-рэсурсаў” з мэтай фармавання
“ў віртуальнай прасторы пазітыўнага стаўлення да працэсаў, што адбываюцца
ў сферы палітычнага, сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіцця
краіны”.

 

Разам з тым,
адзначаюць МХД, замест інтэрнэт-тролінгу БРСМ мог палепшыць стаўленне грамадзян
да тых, працэсаў, што адбываюцца ў краіне, адмовіўшыся цалкам ад дзяржаўанага фінансавання.

 

Так, у лісце
падкрэсліваецца, што толькі ў 2014 годзе толькі з бюджэту Менска і толькі на менскую
гарадскую арганізацыю БРСМ плануецца вылучыць 707,332 млн рублёў, ці больш за
70 тыс. даляраў. Атрымліваюць з мясцовых бюджэтаў сродкі і іншыя рэгіянальныя
структуры БРСМ. “Сродкі ж вылучаемыя з рэспубліканскага бюджэту на
дзейнасць БРСМ у разы большыя. Праўда, у апошнія часы гэтыя лічбы засакрэчаныя,
хаця і вядома, што фінансаванне БРСМ за кошт падаткаў грамадзянаў працягнута да
2015 году”, – нагадваюць МХД.

 

Тым не менш, заяўляюць
Маладыя Хрысціянскія Дэмакраты, лічбы, якія раней былі ў адкрытым доступе,
дазваляюць казаць пра вялікія сродкі, якія ідуць з дзяржбюджэту на фінансаванне
БРСМ. Так, у 2005 годзе ягы склалі 5,26 млрд рублёў (2,42 млн даляраў па стане
на 1 студзеня 2005 года), у 2006-м – 7,74 млрд (3,6 млн даляраў на 1 студзеня
2006 года), 2007-м – 10,15 млрд (4,7 млн даляраў), 2008-м – 13,12 млрд (6,1 млн
даляраў), 2009-м – 17,54 млрд (7,97 млн даляраў), 2010-м – 14,8 млрд (5,17 млн
даляраў), 2011-м – 20,5 млрд (6,83 млн даляраў).

 

“Прапануем вам
праявіць грамадскую свядомасць і адмовіцца ад фінансаваня як за кошт
дзяржаўнага бюджэту, так і за кошт мясцовых бюджэтаў, а вызваленыя сродкі ў
гэты цяжкі для нацыянальнай эканомікі час скіраваць на разнастайныя сацыяльныя
праекты”, – гаворыцца ў звароце МХД.

Болей навін