Мінгарвыканкам не дазволіў правесці Чарнобыльскі шлях у Курапаты

18 красавіка 2014 19:30  |  Галоўныя навіны

Мінгарвыканкам дазволіў правядзенне 26 красавіка акцыі
«Чарнобыльскт шлях», але змяніў фармат акцыі.

 

Раней заяўнікі
прасілі дазволі на правядзенне акцыі па маршруце: кінатэатр «Кастрычнік» (ст.
метро «Акадэмія навук») — вул. Хмяльніцкага — Я. Коласа — Лагойскі тракт
— урочышча Курапаты з 12:00 да 15:00.

 

Гарвыканкам дазволіў правядзенне «Чарнобыльскага шляху» ў
звыклым апошнім часам фармаце: збор удзельнікаў з 16.00 да 16.30 каля
кінатэатра «Кастрычнік», шэсце па праспекце Незалежнасці і вуліцы Сурганава да
парку Дружбы Народаў, правядзенне ў парку мітынгу з 17.30 да 18.30.

 

Да таго ж першапачатковы заяўнік на арганізацыю
«Чарнобыльскага шляху» Ілля Дабратвор паведаміў, што яго выключылі са спісу
арганізатараў. Дабратвор патлумачыў сваё выключэнне з ліку заяўнікаў наступным
чынам:

 

«У Мінгарвыканкаме спаслаліся на тое, што 24.03.2014 быў
прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Аднак я хачу заявіць, што ў гэты
дзень я святкаваў дзень нараджэння, і нават не ведаю, ці трэба падаваць заяву
аб масавым мерапрыемстве на святкаванне ўласнага дня нараджэння».

 

Па словах кіраўніка Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, адмова ў
правядзенні акцыі ў заяўленым фармаце (шэсце да Курапатаў) у гарвыканкаме
патлумачылі тым, што па абраным маршруце знаходзяцца адміністратыўныя будынкі,
правядзенне масавых акцый каля якіх забаронена законам. Рашэнне Мінгарвыканкама
прынята з улікам пазіцыі Мінскага райвыканкама. Таксама Янукевіч патлумачыў,
што Мінгарвыканкам не дазволіў правесці мерапрыемства раней, бо ў Парку дружбы
народаў на ранейшы час запланавана афіцыйнае мерапрыемства.

 

«Таксама чыноўнікі паведамілі, што пасля правядзення шэсця
на Дзень волі ад мінчукоў паступілі скаргі на выкарыстанне партрэтаў украінцаў,
да якіх у грамадстве існуе неадназначнае стаўленне,

 

і папрасілі арганізатарам «Чарнобыльскага шляху» і будучым
арганізатарам мітынгаў на Дзень волі прыняць тое да ведама. Аднак нас цешыць,
што выкарыстанне партрэтаў такіх беларусаў як Вітушка і Булак-Балаховіча не
выклікала пратэсту. Відаць, у беларускім грамадстве наконт гэтых герояў існуе
кансэнсус і згода, і я лічу што ўжо гэта ёсць някепскім вынікам», — сказаў ён.

 

Фінальнай кропкай шэсця, паводле арганізатараў, мусіць стаць
чарнобыльская капліца, куды пасля заканчэння мітынгў ў індывідуальным парадку
ўсіх жадаючых запросяць арганізатары.

 

Аляксей Янукевіч і прэс-сакратар БХД Дзяніс Садоўскі
выказалі пратэст супраць змянення першапачаткова заяўленага маршрута шэсця.

 

«Аднак «Чарнобыльскі шлях» перш за ўсё акцыя памяці,
«Чарнобыльскі шлях» не месца для сутычак з АМАП — для гэтага ёсць іншыя
мерапрыемствы, падчас якіх трэба праявіць жорстую пазіцыю. У звязку з гэтым мы пагадзідліся
на ўмовы Мінгарвыканкама», — дадаў Садоўскі.

 

Таццяна Новікава з арганізацыі «Экадом» паведаміла, што ад
сябе падала заяўку на правядзенне мітынгу «За бяз’ядзерны свет» 26 красавіка ў
Парку дружбы народаў з 18:00 да 20:00, каб першы мітынг «плаўна перацёк у
другі».

 

«Акрамя мітынгу мы арганізуем дыскусію «Экалагічныя
наступствы ядзерных катастроф», якая адбудзецца ў галерэі «Ў» 22 красавіка з
18:30 да 21:00.

 

У дыскусіі возме ўдзел вядомы брытанскі даследчык Крыс Басбі
і Юрый Варонежцаў — беларускі навукоўца, былы адказны сакратар дзяржаўнай
камісіі Вярхоўнага савета СССР па расследаванні прычын катастрофы на
Чарнобыльскай АЭС», — сказала Новікава.

 

Галоўным ідэалагічным пасланнем гэтага года на
«Чарнобыльскім шляху», які неаднаразова падкрэслілі ўсе арганізатары акцыі,
стане пратэст супраць расійскай ядзернай экспансіі ў Беларусь: як у выглядзе
будаўніцтва АЭС у Астраўцы, што праходзіць па «эксперыментальным» праекце і з
шматлікімі парушэннямі, так і ў выглядзе магчымага размяшчэння тактычнай ядзернай
зброі на расійскіх знішчальніках, дыслакаваных на беларускіх авіябазах.

 

Кірыла Хілько

Болей навін