Міжнародныя праваабаронцы заклікаюць Лукашэнку вызваліць палітвязняў (тэкст)

24.04.2014, 11:02  |  Навіны » Палітыка

Праваабарончая арганізацыя Libereco - Partnership for Human Rights пры падтрымцы шэрагу парламентарыяў з еўрапейскіх краін заклікае Аляксандра Лукашэнку адмысловым дэкрэтам вызваліць усіх палітвязняў у Беларусі напярэдадні Чэмпіянату свету па хакеі, які пройдзе ў Менску ў траўні.

 

Праваабаронцы заклікаюць вызваліць дзевяцёх беларускіх палітвязняў: Міколу Статкевіча, Алеся Бяляцкага, Ігара Аліневіча, Мікалая Дзядка, Андрэя Гайдукова, Эдуарда Лобава, Васіля Парфянкова, Арцёма Пракапенку і Яўгена Васьковіча.

 

Аўтары звароту адзнчаюць, што правы палітвязняў моцна парушаюцца. "Гэта можна лёгка скончыць з дапамогай адмысловай амністыі", - падкрэсліваюць яны.

 

Пад зваротам падпісаліся сярод іншых Крыстоф Штрэсэр, камісар нямецкага ўраду па палітыцы ў галіне правоў чалавека, дэпутаты нямецкага Бундэстагу Марылюізэ Бэк, Утэ Фінкх-Крэмэр, Катрын Гёрынг-Экарт, Франц Тонэс, дэпутат швейцарскага парламенту Жан-Франсуа Штаерт, еўрапарламентарыі Сары Эсая, Марэк Мігальскі і Вэрнэр Шульц.

 

Апроч таго, Libereco - Partnership for Human Rights распачала збор подпісаў у падтрымку звароту.

 

PressRelease_Special-Amnesty-22.04.2014.pdf [101,66 Kb]

Навіны па тэме