Камітэт салідарнасці з Украінай гатовы накіраваць назіральнікаў на выбары ўкраінскага прэзідэнта

24 красавіка 2014 13:14  |  Палітыка

Грамадскі камітэт
салідарнасці з Украінай гатовы накіраваць з Беларусі для назірання за
ўкраінскімі прэзідэнцкімі выбарамі каля сотні чалавек. Пра гэта паведаміў
БелаПАН сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская
хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец па выніках пасяджэння камітэта 23
красавіка.

 

Паводле яго слоў,
магчымасць назірання за прэзідэнцкімі выбарамі ва Украіне, якія адбудуцца 25
траўня, цяпер абмяркоўваецца ў працоўным парадку. У прыватнасці, паведаміў
палітык, да 17 траўня Цэнтральная выбарчая камісія Украіны прымае заявы аб жаданні
прыняць удзел у назіранні. Акрамя таго, праводзіцца праца ў Кіеве праз прадстаўнікоў
палітычных сіл Украіны, якім прасцей весці размову з ЦВК.

 

“Мы гатовыя
накіраваць каля ста назіральнікаў, якія ўжо маюць вопыт адпаведнай працы. Але
пакуль канкрэтных дамоўленасцей з гэтай нагоды не дасягнута. Ідуць перамовы,
ёсць тэкст звароту ў Цэнтрвыбаркам. У пачатку траўня мы будзем падаваць
дакументы”, – сказаў Севярынец.

 

Ён адзначыў, што
на пасяджэнні камітэта абмеркавалі пытанні дапамогі пацярпелым на кіеўскім
Майдане. Па словах палітыка, акрамя сваякоў загінулага беларуса Міхаіла Жызнеўскага
ў дапамозе маюць патрэбу яшчэ некалькі чалавек. Таксама прагучала прапанова
дапамагчы ва ўстаноўцы помніка на магіле Жызнеўскага, пачаўся збор сродкаў.

 

Акрамя таго,
паведаміў Севярынец, на пасяджэнні абмеркавалі ідэю накіравання ў Міністэрства
замежных спраў Беларусі звароту з просьбай растлумачыць, ці з’яўляецца
з’яўленне чырвона-зялёных сцягоў на акцыях сепаратыстаў у Украіне
адлюстраваннем афіцыйнай палітыкі Беларусі ці гэта прыватныя ініцыятывы.
Плануецца, адзначыў ён, што тэкст звароту будзе падрыхтаваны да наступнага
пасяджэння камітэта, якое адбудзецца 8 траўня.

 

Палітык паведаміў,
што на 7 мая запланавана правядзенне ў Мінску вечара салідарнасці з Украінай,
куды будуць запрашацца беларусы, якія прымалі ўдзел у падзеях на Майдане.

 

Камітэт
салідарнасці з Украінай створаны ў Беларусі як нефармальная грамадская
ініцыятыва ў сакавіку 2014 года. У яго склад увайшлі некалькі дзясяткаў чалавек,
у тым ліку вядомыя палітыкі і грамадскія дзеячы Павел Севярынец, Аляксей
Марачкін, Аляксей Янукевіч, Зміцер Дашкевіч, Ігар Рынкевіч, Ганна Шапуцька і
іншыя. Сёння, паведаміў Севярынец, да ўдзелу ў дзейнасці камітэта далучыўся
Станіслаў Шушкевіч.

Болей навін