Віталь Рымашэўскі: Лукашэнка выгадаваў войска расейскіх фашыстаў

22 красавіка 2014 16:25  |  Палітыка

Адзіны народ, які прыгнятаецца ў Беларусі – самі беларусы. Пра
гэта заявіў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская
дэмакратыя» (БХД) Віталь Рымашэўскі, каментуючы сайту charter97.org сцвярджэнне
Лукашэнкі аб тым, што «рускія ў Беларусі самі сябе прыгнятаюць».

 

«Ні Лукашэнка, ні яго чыноўнікі не бачаць відавочнага: у
Беларусі народ, які найбольш прыгнятаецца і знішчаецца, гэта беларусы. За 20
гадоў кіравання Аляксандра Лукашэнкі паступова знікала незалежнасць беларускай
дзяржавы. Ужо сёння можна казаць, што няма эканамічнай незалежнасці і па
сутнасці страчаная палітычная незалежнасць, знішчаецца беларуская мова і
культура», – падкрэсліў палітык.

 

Па словах сустаршыні БХД, «за 20 гадоў у сілавых і
ідэалагічных структурах гэтай сістэмай вырашчаныя расейскія шавіністы і
фашысты, якія гатовыя рваць кашулі за Пуціна».

 

«І менавіта за Пуціна, а не за Расею. Таму што Расея – гэта
Макарэвіч, Шаўчук і сотні тысяч годных людзей, якія сёння супрацьстаяць
рэальнай пуцінскай дыктатуры. А ў Беларусі рэжым Лукашэнкі выгадаваў яе
паслугачоў. І гэта, безумоўна, дрэнна для яго скончыцца. Беларускі кіраўнік
баіцца Майдана, але не бачыць гэтай пагрозы», – адзначыў Віталь Рымашэўскі.

 

Нагадаем, сёння падчас штогадовага паслання да народа і
«парламента» беларускі дыктатар заявіў, што рускія ў Беларусі самі сябе
прыгнятаюць.

 

«Пра прыгнёт рускіх, як у нас тут некаторыя падкідваюць
ідэю, то, напэўна, рускія ў Беларусі самі сябе прыгнятаюць. Таму што немагчыма
сёння ў Беларусі ў самага беларускага чалавека раскласці яго і вылучыць
беларускую кроў, асаблівую, пра якую шмат гавораць і так мараць. У нас усё
перамяшана і змяшана. Таму размовы пра «рускасць», «беларускасць»,
«прарасейскасць», «праўкраінскасць» – гэта крок да смуты. Мабыць, хтосьці
гэтага хоча», – сказаў Лукашэнка.

Болей навін