Таццяна Севярынец: Гайдукова таемна вывезлі з калоніі з-за ЧС па хакеі
Улады ведалі, што Андрэя Гайдукова прыедуць сустракаць з розных
гарадоў, і баяліся гэтага. Пра
гэта ў інтэрв’ю сайту charter97.org заявіла
каардынатар па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД)
Таццяна Севярынец.
«Мы збіраліся ехаць сустракаць Андрэя, але, на жаль, мы
нават яшчэ не паспелі выехаць, а мне патэлефанавала яго мама і сказала, што ён
ужо на волі. Потым мне патэлефанаваў сам Андрэй, паведаміў, што а 06:00 яму сказалі збірацца, потым
пасадзілі ў машыну, нейкімі таемнымі сцежкамі вывезлі на аўтавакзал, далі 20
тысяч рублёў і сказалі ехаць, куды ён хоча», – распавяла яна.
Таццяна Севярынец адзначыла, што настрой у Андрэя бадзёры.
«Улады зрабілі ўсё, каб знізіць ўрачыстасць сустрэчы, таму
што ведалі, што яго паедуць сустракаць з розных гарадоў. Тым больш заўтра
пачынаецца Чэмпіянат свету па хакеі ў Мінску, і ўлады проста з’ехалі з глуду», – падкрэсліла яна.
Нагадаем, сёння ў 7 раніцы з калёніі “Віцьба -3”
на волю выйшаў палітвязень Андрэй Гайдукоў. 1 ліпеня 2013 года актывіста апазіцыі Гайдукова прызналі вінаватым у
спробе ўстанаўлення кантактаў з замежнай выведкай і прысудзілі да 1,5 гадоў
калоніі. Прысуд яму вынес Віцебскі абласны суд, а пасяджэнне
праходзіла ў закрытым рэжыме.