У Мінску пачаў працу Пакроўскі кірмаш
9 кастрычніка 2009 г. у мінскім Палацы мастацтваў пачаў працу Пакроўскі кірмаш. Мерапрыемства, што праходзіць у сталіцы Беларусі ўжо ў шосты раз, адбываецца з благаслаўлення Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта.
На кірмашы можна будзе не толькі набыць духоўную літаратуру або іншыя прадметы, важныя для верніка. У плане мерапрыемства таксама правядзенне канферэнцый, прэзентацый, круглых сталоў і інш. Запланаваны паэтычныя вечарыны, дабрачынныя акцыі і дзіцячая гасцёўня, створаная спецыяльна для самых маленькіх наведвальнікаў.
На Пакроўскі кірмаш з’ехаліся вернікі не толькі з Беларусі, але і з суседняй Расіі.
Увазе наведвальнікаў прапануецца таксама выстава манастыра са святой гары Афон (Грэцыя), дзякуючы якой можна будзе набыць нават славуты афонскі кагор.
Свята Пакрова, да якога прымеркаваны кірмаш, мае даўнюю гісторыю. Паводле падання, у 910 г. Канстанцінопаль быў асаджаны сарацынамі. Жыхары горада сабраліся ў Влахеронскім храме, дзе захоўваўся пакроў, што належаў Маці Божай. Падчас малебна людзі заўважылі яе над сабой. Трымаючы ў руках пакроў, Панна Марыя малілася разам з людзьмі. Дзякуючы гэтаму цуду, горад быў выратаваны ад варожага нашэсця.