Бабруйск: Пікет салідарнасці з Яўгенам Васьковічам не дазволілі

15 мая 2014 13:39  |  Палітыка

Каардынатар бабруйскай суполкі БХД Таісія Кабанчук
паведаміла, што атрымала адказ з гарвыканкама, у якім мясцовым актывістам
адмоўлена ў правядзенні пікета.

 

Пікет планаваўся ў якасці падтрымкі бабруйчаніна Яўгена
Васьковіча, на якога аказваецца моцны ціск адміністрацыі ў магілёўскай турме
№4. Нядаўна хлопца перавялі ў адзіночную камеру, стала вядома пра ціск і з боку
сукамернікаў таксама. Пасля гэтага актывісты БХД вырашылі падаць заяўкі на
правядзенні пікетаў салідарнасці ў некалькіх гарадах, у тым ліку ў Бабруйску.

 

-Мы атрымалі самы стандартны адказ-адмову ад намесніка
старшыні гарвыканкама Аляксандра Маркачова, – распавядае Таісія Кабанчук. – Усе
гэтыя адпіскі як пад капірку. У паперы гаварыцца, напрыклад, што наша заяўка не
адпавядае артыкулу № 2 Закона “Аб масавых мерапрыемствах”, што не ўказалі
парадак аплаты паслуг на медыцынскае абслугоўванне і прыборку тэрыторыі.
Таксама Маркачоў палічыў за парушэнне інфармацыю ў СМІ, некалькі выданняў
напісалі пра запланаваны пікет, і ўсе яны пералічаныя ў паперы.

Актывістка кажа, што ў адказе з гарвыканкама знайшлася яшчэ
адна нагода для адмовы: правядзенне спартовых спаборніцтваў.

 

-Нават калі б не было папярэдніх пунктаў, нам бы ўсё роўна адмовілі ў правядзенні пікета на
стадыёне фабрыкі “Славянка”. Чыноўнік паведаміў, што акурат на
14 траўня там запланавана правядзенне спаборніцтваў па футболе, вось такое
супадзенне, – каментуе паперу з гарвыканкама Таісія Кабанчук.

Мясцовыя актывісты плануюць па-ранейшаму падтрымліваць
Яўгена Васьковіча лістамі, паштоўкамі, дапамагаць яго сваякам.

 

-Ад Жэні даўнавата не прыходзілі лісты, ад дня яго
народзінаў. Потым мы даведаліся пра гэты ціск з боку сукамернікаў і пра перавод
ў камеру-адзіночку. Спадзяемся, што зараз ліставанне зноў наладзіцца, – кажа
бабруйская каардынатарка БХД.

Болей навін