Віцебскі абласны суд не задаволіў скаргу Георгія Станкевіча

21 мая 2014 13:58  |  Палітыка

Настаўнік з
Бешанковічаў, паэт і бард, сябар БХД Георгій Станкевіч хацеў аспрэчыць рашэнне
раённага суда. 3 красавіка яго аштрафавалі на 7 з паловай мільёнаў рублёў (50
базавых велічынь) за выраб і распаўсюд газеты “Крывінка”, якая
выдаецца на ўласныя сродкі заснавальніка.

 

Разгляд ягонай
скаргі адбыўся ў Віцебскім абласным судзе 7 траўня. Аднак сам Станкевіч не змог
прыехаць, а суддзя Святлана Іванова адмовілася разглядаць ягоную скаргу
публічна, нягледзячы на тое, што ў зале прысутнічалі аднадумцы Георгія
Станкевіча і віцебскія праваабаронцы.

 

Рашэнне абласнога
суду пра тое, што скарга Георгія Станкевіча не задаволена, ён атрымаў толькі
цяпер. З дасланай па пошце пастановы вынікае, што абласны суд не ўбачыў
працэсуальных парушэнняў падчас суду над заснавальнікам і выдаўцом
“Крывінкі”, і не заўважыў парушэння правоў Георгія Станкевіча.

“Так і
напісана: “працэсуальных парушэнняў, якія маглі б пацягнуць за сабой
адмену судовага рашэння, не выяўлена”. А пра тое, што суд праходзіў без
адваката, бо суддзя Наталля Рэут адмовілася пачакаць абаронцу з Мінску, якому я
давяраў абарону сваіх інтарэсаў, напісана ўвогуле незразумела што: “сведчанне
пра парушэнне права на абарону пацверджання не знайшло”, бо я нібыта
“пакінуў пасяджэнне без дазволу суддзі”. Дзе тут логіка? Суддзя сама
загадала мне пакінуць залу – пасля таго, як я некалькі разоў выказваў
хадайніцтва, каб ў працэсе ўзяў удзел мінскі адвакат, з якім ужо дамовіліся, а
не прадстаўнік раённай адвакацкай канторы, куды мяне адпраўляла суддзя.
Гэтаксама я хадайнічаў, каб на суд паклікалі перакладчыка, бо я не дастаткова
валодаю рускай мовай, каб зразумець усе юрыдычныя моманты. Аднак мне і ў гэтым
адмовілі,” – каментуе атрыманую пастанову Георгій Станкевіч.

 

Выдалены з залы
суда выдавец “Крывінкі” падаў у пракуратуру скаргу на дзеянні суддзі
Наталлі Рэут. Пракурор паабяцаў даць пісьмовы адказ, а ўмяшацца ў справу
неадкладна не палічыў патрэбным. Была напісана і другая скарга на імя старшыні
суда. Тым часам суддзя завяршыла працэс.Вынікам стаў штраф паводле часткі 2
артыкула 22.9 КаАП за парушэнне парадку выдавецтва і распаўсюду
“Крывінкі”.

 

Суд па падобным
абвінавачанні быў ужо трэцім для Георгія Станкевіча. Першую адміністрацыйную
справу супраць яго і “Крывінкі” распачалі ў 2010 годзе. Скончылася на
судом і штрафам памерам 20 базавых велічынь. Наступны штраф у 2012 г. быў ужо ў
два разы большым – 40 базавых велічынь. Ранейшыя судовыя рашэнні таксама не
ўдавалася абскардзіць у абласным судзе і ў вышэйшых судовых інстанцыях. Скарга
Георгія Станкевіча наконт абвінавачання ў 2010 годзе чакае разгляду ў КПЧ ААН.

Болей навін