Круглы стол па Малым памежным руху выклікаў зацікаўленасць гарадзенцаў (фота)
21 мая ў Горадні прайшоў круглы стол па тэме “Перавагі Малога памежнага
руху для беларуска-польскага памежжа”. Мерапрыемства было арганізавана
ініцыятарамі кампаніі “За малы памежны рух!”, якая праводзіцца пры падтрымцы
БХД. Мерапрыемства выклікала зацікаўленасць сярод гарадзенцаў. На ім
прысутнічала каля 50 чалавек, у тым ліку генеральны консул Рэспублікі Польшча ў
Горадні, прадстаўнікі розных палітычных партый, рухаў і грамадскіх арганізацый.
Напярэдадні круглага стала ініцыятары кампаніі атрымалі адказ з
Міністэрства замежных спраў Беларусі на свой зварот. У лісце да МЗС актывісты
звярталіся з просьбай паскорыць рэалізацыю пагаднення і назваць дату пачатку
бязвізавага руху ў прымежных з Польшчай і Літвой беларускіх рэгіёнах.
Паводле адказу беларускага МЗС асноўнай прычынай затрымкі з’яўляецца
перасцярога беларускіх уладаў наконт “значнага
павышэння інтэнсіўнасці руху і, як вынік, павелічэнне нагрузкі на існуючыя
пункты пропуску праз дзяржаўную мяжу”. Зараз беларускі бок заняты
вывучэннем вопыту рэалізацыі аналагічнага пагаднення з Латвіяй і апрабоўвае
ўвесь комплекс дзеянняў для забеспячэння бесперабойнай працы памежнай
інфраструктуры.
Аднак як зазначыў адзін з ініцыятараў кампаніі “За малы памежны рух!” З.
Кухлей у сваім выступе: “Досвед дзеяння
дамовы аб малым памежным руху з Латвіяй паказвае, што няма ніякіх чэргаў на
памежных пераходах. Нягледзячы на тое, што мэтавая аўдыторыя гэтага руху мае
мільёны чалавек, насамрэч ім карыстаецца невялікая колькасць – у асноўным
людзі, якія жывуць у невялічкіх мястэчках, альбо вёсках і маюць сваяцкія сувязі
па абодва бакі мяжы. Ім не выгадна ехаць кудысьці далёка за візамі, яны
карыстаюцца такім зручным інструментам – як памежны рух. Напрыклад, паводле
статыстыкі за першыя 10 месяцаў рэалізацыі гэтага пагаднення з Латвіяй
беларусамі было атрымана толькі 100 дазволаў, а латвійцамі – крыху болей на 8
000. Акрамя таго чэмпіянат
свету па хакею паказаў добрую працу памежных службаў нават падчас наплыву
турыстаў”.
Падчас абмеркавання было таксама падкрэслена, што досвед працы іншых
пагадненняў аб малым памежным руху з Украінай, Малдовай і Расіяй сведчыць аб
адсутнасці непераадольных праблем у пунктах пропуску праз мяжу ў выпадку
адкрыцця бязвізавага рэжыму на прымежных тэрыторыях.
Удзельнікі дыскусіі таксама звярнулі ўвагу на перавагі для беларускай
эканомікі ад спрашчэння візавага рэжыму з Еўразвязам. Беларускія ўлады увесь
час заяўляюць аб неабходнасці павелічэння ўязднога турызма, аднак фактычна самі
блакуюць яго развіццё праз нежаданне палягчаць працэдуру наведвання Беларусі
для замежнікаў.
Генконсул РП у Гародні Анджэй Хадкевіч адзначыў, што палякі вельмі
зацікаўлены ў наведванні Гарадзеншчыны праз супольную з беларусамі гісторыю і
асобаў. Гэта ў сваю чаргу дапаможа развіццю турыстычнай інфраструктуры,
занятасці насельніцтва і паступленняў у бюджэт. Ён таксама падкрэсліў, што
польскія ўлады ўздымаюць пытанне наконт бязвізавага руху ў прымежных рэгіёнах
на сустрэчах з беларускімі афіцыйнымі прадстаўнікамі.
Арганізатары кампаніі спадзяваліся на ўдзел у абмеркаванні пытання
зацягвання бязвізавага руху з Польшчай і Літвой мясцовых уладаў Гарадзеншчыны.
Яшчэ раней яны дасылалі ліст кіраўніцтву Гарадзенскага аблсавета з просьбай
арганізаваць сустрэчу з народнымі прадстаўнікамі. Аднак старшыня аблсавета ў
афіцыйным адказе параіў грамадзянам звяртацца ў беларускі МЗС, а просьбу аб
сустрэчы праігнараваў.
магчымасці і каналы камунікацыі з беларускімі ўладамі для таго, каб беларусы
маглі ездзіць у Еўразвяз без візаў.