Дзяніс Садоўскі: пітная вада ў шэрагу раёнаў Мінска небяспечная для здароўя (відэа)

29 мая 2014 22:12  |  Галоўныя навіны

Сталічныя ўлады
ігнаруюць праблемы якасці пітной вады. Аб гэтым заявіў прадстаўнік
грамадскай ініцыятывы «Наша Кунцаўшчына», сакратар аргкамітэта па стварэнні
партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Дзяніс Садоўскі 29 мая на
прэс-канферэнцыі ў Мінску.

 

«Якасць пітной вады ў Мінску недапушчальная. З гэтай
праблемай сёння сутыкаецца практычна кожны жыхар сталіцы», — перакананы
актывіст.

 

Садоўскі нагадаў, што ініцыятыва «Наша Кунцаўшчына»
спрабавала дамагчыся ад улад правядзення шырокіх грамадскіх слуханняў па
праблеме моцнай хлараванасці пітной вады ў Кастрычніцкім, Маскоўскім і
Фрунзенскім раёнах сталіцы.

 

«Фактычна пітная вада ў гэтых раёнах з’яўляецца небяспечнай
для здароўя людзей, асабліва з аслабленым імунітэтам — пенсіянераў і дзяцей.
Аднак улады адмахваюцца ад дзясяткаў зваротаў, падпісаных сотнямі грамадзян, як
ад назойлівых мух. Мінскія чыноўнікі не згодныя правесці нават грамадскія
слуханні, што не патрабуе фінансавых расходаў», — адзначыў ён.

 

Адмова Мінгарвыканкама ў правядзенні слуханняў, паведаміў
прадстаўнік «Нашай Кунцаўшчыны», ужо была безвынікова абскарджана ў судзе
Маскоўскага раёна Мінска. «Зараз спрабуем абскардзіць рашэнне раённага суда ў
Мінскім гарадскім судзе. Аднак прайшло ўжо больш за паўтара месяца, а дата
пасяджэння не прызначаецца», — адзначыў ён.

 

«Відавочна, улады не жадаюць выконваць нават свае
мінімальныя абавязкі. Яны гатовыя не вырашаць праблемы, а толькі пісаць
адпіскі. Будзем выходзіць на новы ўзровень кампаніі — агульнагарадскі, бо
якасць вады ў Мінску толькі пагаршаецца», — паведаміў Садоўскі.

 

«З 2004 года мы спрабуем абараніць артэзіянскія свідравіны ў
Севастопальскім парку ў сувязі з запланаванай забудовай гэтай тэрыторыі, —
расказала прадстаўнік групы жыхароў мінскага мікрараёна Усход-2 Валянціна
Шалейнікава. — Мы накіравалі больш за дзвесце зваротаў у розныя дзяржаўныя
ведамствы, адкуль, як правіла, прыходзяць адпіскі».

 

Паводле слоў актывісткі, у той час, калі палова насельніцтва
сталіцы вымушана спажываць апрацаваную хлорам ваду з паверхневых крыніц
Вілейска-Мінскай сістэмы, адбываецца неабгрунтаваная масавая ліквідацыя дзейных
свідравін водазабору Зеляноўка. Цяпер ні адна з іх не эксплуатуецца ў рабочым
рэжыме, ёсць падставы сцвярджаць, што ў сувязі з распачатым будаўніцтвам
адбылося вычарпанне падземных вод.

 

У актывістаў групы ёсць інфармацыя, што з трыццаці
свідравін, якія дзейнічалі ў раёне чатыры гады таму, засталося толькі дзевяць.
Паводле іх меркавання, гэта падпадае пад дзеянне Крымінальнага кодэкса.

 

«Нам адказваюць, што ў якасці кампенсацыі за закрыццё
свідравін плануецца бурэнне новых, — працягвае Шалейнікава. — Напрыклад,
прапануецца разгледзець пытанне аб ліквідацыі свідравіны №19а, якую мы добра
ведаем. Яна размешчана па вуліцы Макаёнка, дасягае 280-300 метраў глыбіні і
эксплуатуецца ва ўстаноўленым рэжыме. Вы разумееце, што адбываецца?
Сфальсіфікаваны праект нібы на бурэнне новай свідравіны, якая на самой справе
з’яўляецца дзейнай. Гэты праект узгадняецца, як нам заявілі, з камітэтам па
прыродных рэсурсах і ахове навакольнага асяроддзя Мінгарвыканкама — мы зрабілі
туды запыт. На тампанаж (ліквідацыю) свідравін выдаецца дазвол прадпрыемствам
«Галоўдзяржбудэкспертыза», якое не мае права такі дазвол выдаваць — тут бачым
перавышэнне службовых паўнамоцтваў».

 

Нагадаем, яшчэ ў жніўні 2013 года пры падтрымцы ініцыятывы
«Наша Кунцаўшчына» і аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская
дэмакратыя» (БХД) мінчане сабралі больш за 500 подпісаў з патрабаваннем
правесці грамадскія слуханні па праблеме моцнай хлараванасці пітной вады ў
згаданых раёнах Мінска. «Аднак усе інстанцыі, у якія падаваліся звароты,
дасылалі толькі адпіскі: вада добрая, няма пра што трывожыцца. Пры гэтым галоўнае
патрабаванне — правесці шырокія грамадскія слуханні — ігнаравалася», —
паведамлялі ў БХД.

 

Болей навін