Павал Севярынец адказаў на пытанні чытачоў сайту “Радыё Свабода”

13 чэрвеня 2014 20:26  |  Галоўныя навіны

Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская
Хрысціянская Дэмакратыя” Павал Севярынец адказаў на пытанні чытачоў сайту “Радыё
Свабода”:

 

Імя::Андрусь

12.06.2014 14:08

Вітаю, Павал! Праваабаронцы ўжо колькі год дамагаюцца адмены ў Беларусі
смяротнага пакарання. Разам з тым шэраг святароў і нават цэркваў выступаюць за
захаванне такога пакарання, бо Біблія нідзе прама не кажа пра неабходнасць яго
забароны. Такога меркавання прытрымліваецца, напрыклад Антоні Бокун з царквы Ян
прадвеснік. Падобныя выказванні часам куваць ад Сяргея Лепіна. Што думаеце з
гэтай нагоды?

Адказаць

Імя::Павал Севярынец

13.06.2014 15:04

Маё перакананьне: забіраць жыцьцё мае права толькі Той, Хто яго даў. Бог.
Пажыцьцёвае зьняволеньне дае магчымасьць і выправіць судовую памылку, і каяцца
злачынцу да скону дзён. Забойства забойцы – ня выйсьце. Царкву ” Ян
Прадвесьнік”, гэтую скарбніцу беларускага эвангельскага руху, люблю і
паважаю – але мой голас супраць сьмяротнай кары.


Імя::Мікалай

12.06.2014 14:14

Вітаю! У Беларускай асацыяцыі журналістаў, сябрам якой Вы з’яўляецеся, ужо
даўно ідзе спрэчка пра тое, ці варта прымаць палітыкаў і грамадскіх актывістаў
у сябры арганізацыі. Палітыкі, нават калі і пішуць нешта, зазвычай генеральна
маюць мэту прыходу да ўлады. І нават самыя дэмакратычныя не любяць крытыкі з
боку прэсы, часта наракаючы на яе. Ваш паплечнік Віталь таму яскравы прыклад.

А Вы самі як лічыце, ці варта прымаць палітыкаў і грамадскіх актывістаў у сябры
БАЖ, нават калі яны часам нешта кудысьці пішуць? Дзякуй

Адказаць

Імя::Павал Севярынец

13.06.2014 15:05

Паколькі я ёсьць дзеючым сябрам БАЖ, мой адказ Вам ужо вядомы :-)). Сьвет
ахоплівае інфармацыйная цывілізацыя, і “чацьвёртая улада” часам
аказваецца памацней першай або другой. Гэта слушна, бо ў празрыстым грамадзтве
хлусіць ці красьці робіцца цяжэй. Хай палітыкі й дзеячы пішуць — напісанае
абавязвае


Імя::Якаў

12.06.2014 14:22

Вітаю! Павал, у беларускім моладзевым руху назіраецца відавочны ўпадак.
Многія арганізацыі зніклі, ад МФа, па словах Дашкевіча, засталіся толькі косці.
Прэтэстны электарат вырас і стаў індыферэнтным?

Адказаць

Імя::Павал Севярынец

13.06.2014 15:06

Мы ў МФ заўжды казалі: косьць ёсьць – мяса нарасьце. Маладзёвы рух, як
правіла – вынік глыбінных разломаў на межах пакаленьняў, таму цыклы вялікіх
уздымаў блізкія да 20 гадоў. Рэжым, спажывецтва, грэх разбураюць адну хвалю –
але непазьбежна падымаецца наступная. Энэргія маладзёвага штурму канца 1990-х –
пачатку 2000-х перайшла ў палітычныя, культурніцкія, эканамічныя, духоўныя
зьявы. Толькі за апошнія некалькі месяцаў у Дашкевічаў, Дземідзенкаў,
Яроменкаў, Шэіных, Гарэцкіх, Васільевых нарадзіліся дзеткі.

Беларусь відавочна цяжарная новай хваляй Адраджэньня. У мяне ёсьць кніга
“Пакаленьне Маладога Фронту” – там пішу на гэтую тэму разгорнута й
дэталёва ( www.mfront.net, або www.sieviarynets.net )


Імя::ВітальГорад::Гатава Мінскага раёну

12.06.2014 15:18

Павал, нядаўна Вы абвянчаліся ў каталіцкім касцёле, і Вам, у нейкім сэнсе,
пашчасціла – Вы вырваліся з кайданкоў рускай праваслаўнай царквы. Але можа Вы
падкажаце нам, тым, хто па-ранейшаму застаецца праваслаўнага веравызнання, дзе
ў Мінску наведаць храм, абвянчацца, пахрысціць дзяцей у праваслаўнай царкве,
каб не нарвацца на якога бацюшку-рускага нацыяналіста, альбо не апынуцца ў
логаве РНЕ, бо ў апошні час усё больш гэтак званых “казакаў” у
мінскіх праваслаўных храмах і ўсё больш навінаў пра РНЕ ў іх?

Адказаць

Імя::Павал Севярынец

13.06.2014 15:07

Дарагі Віталь!

Хоць я і павянчаўся ў касьцёле, але застаўся праваслаўным. У Менску багата
прыходаў, дзе сьвятары – глыбокія беларусы, як і ў маім Сьвята-ПетраПаўлаўскім
саборы. Што параіць? Верце ня ў бацюшку ці мітрапаліта, верце ў Ісуса Хрыста,
Які Вас збавіў, і рабіце праваслаўе беларускім — сабою.


Імя::zimaГорад::в.глыбачка

12.06.2014 16:00

…некаторым падкiдвалi “дур'”, некаторым ящэ что, як так
атрымалась што вы такi белы ды пушысты…
…”сям’я” вяла i дапамагала?…
…няу жо Ен сам прылажыуся?…
…так…

Адказаць

Імя::Павал Севярынец

13.06.2014 15:09

Выбачайце, не зусім зразумеў, гэта пытаньне ці проста нейкі цень на
пляцень. Вы хочаце даведацца, што мне падкідвалі пасьля Плошчы? Ад расстрэльных
артыкулаў у “амерыканцы” да ВІЧ-інфікаваных ды псіхічна хворых на
“хіміі”. Думаеце, мала дасталося? Ды хапіла за тры гады, магу
падзяліцца.


Імя::OrangeГорад::London

12.06.2014 16:45

Што вы думаеце наконт украiнска- расейскага процiстаяньня?
На маю думку, зьмены у Беларусi могуць пачацца толькi пасьля распаду Расеi.

Адказаць

Імя::Павал Севярынец

13.06.2014 15:12

Падзеі ва Украіне – відавочная агрэсія Крамля супраць украінскай дзяржавы і
украінскага народа. У Беларусі створаны Камітэт салідарнасьці з Украінай.
Згодны, чым глыбей Расея улазіць ва Украіну, тым больш верагодны развал
пуцінскага рэжыму, а зь ім і самой імперыі.


Імя::АлаГорад::Менск

12.06.2014 18:00

А можа ня трэба адзінага, там дзе няма адзінства. Калі мы гамонім праўду
якая-б яна нябыла Госпад ладзіць ўсе лепшым чынам. Хітрасьць гэта бяззаконьне.

Адказаць

Імя::Павал Севярынец

13.06.2014 15:14

Шаноўная Ала!

У дэмакратычных сілаў Беларусі дастаткова агульнага дзеля таго, каб зрабіць
простую рэч: вылучыць са сваіх шэрагаў адзінага адказнага чалавека.
Распрацаваць адзіную ясную стратэгію. Трэба, каб зь беларускім народам, рэжымам
і Захадам мы гаварылі адным голасам – інакш нас проста не пачуюць. Калектыўная
безадказнасьць сёньняшняй апазіцыі – страшнае зло. Плошча 2010 года – урок, які
мы мусім нарэшце вывучыць.


Імя::СяргейГорад::Узда

12.06.2014 18:26

Павал, а зараз вы якую новую кнiгу пiшаце? (цi зьбiраецеся пiсаць).

Адказаць

Імя::Павал Севярынец

13.06.2014 15:16

Зараз дапісваю раман “Сэрца сьвятла”. Чарнавік гатовы. Aле ён
вельмі аб”ёмісты. Трэба час. Пра што кніга? Пра Беларусь і Бога.


Імя::станиславГорад::кобрин

12.06.2014 22:59

уважаемый Павел как я понимаю пока неудаётся определиться с выдвижением
единого. как будут избираться делегаты на конгресс? от организаций или партий а
как депутаты которые выдвигались на местных выборах? на каком этапе проходят
консультации по выдвижению единого.

Адказаць

Імя::Павал Севярынец

13.06.2014 15:18

Пакуль, Станіслаў, працэдура абраньня Адзінага не зацьверджана. Падкрэсьлю
– гаворка ідзе не пра кандыдата на выбары: выбараў ў Беларусі няма. Калі
Кангрэс вырашыць выкарыстаць ” прэзідэнцкую кампанію 2015 года” і
падаваць дакуманты Адзінага на “рэгістрацыю”, а яго не зарэгіструюць
– ён стане лідэрам байкоту


Імя::СяржукГорад::Ружаны

12.06.2014 23:37

Павал, дзякуй за артыкул пра нашае мястэчка “Беларуская глыбіня.
Ружанец разбуранай велічы”, у якой Вы расказваеце пра Ружанскі палац.

Але нядаўна быў адкрыты дабрачынны рахунак на аднаўленне яшчэ адной святыні:
капліцы-касцёла святога Казіміра ў Ружанах. Ці не жадае Вашая партыя падтрымаць
фінансава і інфармацыйна гэтую кампанію і ці можа Вы збіраецеся да нас у Ружаны
ўжо заўтра, у суботу, на свята “Ружанская брама”?

Адказаць

Імя::Павал Севярынец

13.06.2014 15:20

Дзякуй за добрыя словы, Сяржук. Перадайце, калі ласка на
[email protected], разашлем па ўсіх берасьцейскіх незалежных мэдыях. Калі Вы
гатовыя быць арганізатарам на месцы – чаму б нам не зладзіць, скажам,
дабрачынны канцэрт, каб дапамагчы рэстаўрацыі? Мой тэлефон 8029 5160861.


Імя::Валер Кавалеўскі

13.06.2014 00:12

Нядаўна “Наша Ніва” апублікавала артыкул (http://nn.by/?c=ar&i=129697)
пра тое, што сілы, якія адносяць сябе да апазіцыі, рыхтуюцца да ўдзелу ў
выбарах ігнаруючы праблему палітвязьняў. Ці вы лічыце, што апазіцыя робіць усё,
каб дамагчыся вызваленьня палітвязьняў, якія апынуліся ў турмах пасьля выбараў
2010 года і ўзнаўленьня іх палітычных правоў? Ці варта перспектыўным кандыдатам
вывучыць мэтазгоднасьць выстаўленьня перад уладай адпаведных умоў і праз
кансалідацыю пазіцый і мабілізацыю наяўнага ўплыву ў краіне і за мяжой
дамагчыся вызваленьня сваіх аднадумцаў і таго, каб тыя, каго незаконна адлучылі
ад палітычнага працэса, маглі да яго вярнуцца. Буду ўдзячны за зьмястоўны
адказ.

Адказаць

Імя::Павал Севярынец

13.06.2014 15:21

Дзякуй за тэму, Валер.

Згодны са зьместам Вашай прапановы: дамагацца вызваленьня палітвязьняў
дэмакратычныя сілы абавязаныя. Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго, інакш гэта не
змаганьне. Але ёсць пытаньне, што да формы: выбараў як палітычнага працэсу ў
нас няма; умовы ставяць з пазіцыі сілы і ставяць іх таму, хто дамовы выконвае.
Цэлы Захад ужо чацьвёрты год ставіць умовы наконт палітвязьняў. На мой погляд,
нам патрэбна кампанія няспыннага ціску на рэжым, штодзённай салідарнасьці, калі
змаганьне за вызваленьне палітвязьняў становіцца арганізуючым чыньнікам,
крыніцай моцы для дэмакратычнага руху (тое, што БХД спрабавала зрабіць падчас
“Хвалі салідарнасьці” год таму). Для эфектыўнай каардынацыі такіх рэчаў і
патрэбны Адзіны – тут толькі разам здужаем. Далучайцеся!


Імя::Паўтараю пытанне

13.06.2014 06:19

Вітаю!

Дашкевіч, які цяпер ужо не толькі муж, але і бацька, сур’ёзна збіраецца
арганізоўвваць пратэсты ў 2015 годзе, за што ізноў рызыкуе пакінуць сям’ю на
некалькі год. Якія Вашы планы на Плошчу’2015 і ці падтрымліваеце Дашкевіча?

Адказаць

Імя::Павал Севярынец

13.06.2014 15:43

Калі зараз проста ўзяць і заклікаць на Плошчу, як гэта было ў 2010-ым
(маўляў, народ сам разьбярэцца, што там рабіць) – атрымаем кактэйлі з крывёю:
моладзь онлайны суткамі глядзела. Таму адносна вуліцы — ясны плян, мірны
пратэст і адказнасьць.

Зьміцер Дашкевіч – адзін з найбольш ахвярных беларусаў, якіх я ведаю.
Спадзяюся, цяпер як глава сям’і і як бацька ён будзе больш абачлівым, чым
раней. Віншую гэтую цудоўную сям’ю папаўненьнем! Жыве Беларусь :-))


Імя::СяржукГорад::Ружаны

13.06.2014 10:38

Прадухіляючы Вашую прапанову, Павал, каб я звязваўся з БХД і казаў
рэквізіты дабрачыннага рахунку на аднаўленне капліцы-касцёла святога Казіміра ў
Ружанах, публікую іх тут, каб, калі ў Вашай партыі з’явіцца жаданне, БХД само
стала ініцыятарам кампаніі:

Жадаючыя далучыцца да захавання гістарычнай спадчыны могуць унесці пасільнае
ахвяраванне з паметкай «На рэстаўрацыю капліцы ў Ружанах» на разліковы рахунак
3132000000009 у ЦБУ №122 філіяла №113 ААТ «ААБ Беларусбанк» г.Кобрын, УНП
200026656.

Адказаць

Імя::Павал Севярынец

13.06.2014 15:44

Дзякуй, Сяржук.


Імя::Зьміцер

13.06.2014 12:51

Павал, учора “Радыё Свабода” апублікавала інтэрвью барысаўчанкі
Наталлі, што ваюе за сепаратыстаў ва
Украіне(http://www.svaboda.org/content/article/25419107.html), а ўжо ўчора
ўвечары журналіст ў Твітары апублікаваў інфармацыю, што яе накрыў снарад і яна
кантужана: https://twitter.com/a_krasnoschekov/status/477189141625847808

Як Вы лічыце, што падбухторвае беларусаў аддаваць сваё жыццё за Пуціна і
рускіх? Як збіць прарасійскі настрой у нашым грамадстве? Калі ў беларусаў
з’явіцца самасвядомасць, як у нацыі?

Адказаць

Імя::Павал Севярынец

13.06.2014 15:45

Калі ў сэрцы чалавека няма Бога, Ягонае месца займаюць ідалы – імпэрыя,
нянавісьць да “піндосаў”, культ моцы, славянапаганства і яшчэ чортведама што.

Лічу, што беларуская нацыянальная сьвядомасьць у сваёй сутнасьці хрысьціянская.
Пакаемся за бязбожжа, грэх, абыякавасьць, прымем Збаўцу – будзем жыць. Калі
Беларусь, нарэшце, адкрые для сябе Бога – яе чакае новы пасіянарны выбух, як у
XVI стагоддзі.


Імя::Ян КазімірГорад::Менск

13.06.2014 13:00

Павал, ці Вы згодныя, што пытаньне гуртаваньня нацыяналістаў застаецца
вельмі актуальным, і нават такая патрэба ўзрастае (падзеі ва Украіне і ў нас).
Вяртаючыся да тэмы БНБ, ці Вы бачыце магчымасьць сёньня выступаць адным фронтам
з БНФ і РЗС? Тым болей, што з Янукевічам у Вас асабіста, выглядае, добрыя
стасункі, а дэ-факта кіраўнік Руху за свабоду Губарэвіч таксама Ваш паплечнік
па МФ? Ці ёсьць непераадольныя перашкоды такому хаўрусу?

Адказаць

Імя::Павал Севярынец

13.06.2014 18:08

Пасьля Украіны яднаньне нацыянальных сілаў – гэта пытаньне №1. Заўтра можа
быць Беларусь. Акрамя БХД, БНФ і РЗС, трэба каардынавацца з Маладым Фронтам,
КХП БНФ, Радай беларускай інтэлігенцыі, цэрквамі, моцнымі рэгіянальнымі
супольнасьцямі, эміграцыяй.


Імя::Я

13.06.2014 13:23

Почему “Белорусская христианская демократия” не высказывают
своего протеста по поводу деятельности таких вооружённых формирований, как
казачество, на территории Беларуси.
Ведь посмотрите на их сайт http://kazak.by/. Они те только проводят
инструкторско-методические, военно-полевые сборы на территории Беларуси, дают
детям в Ганцевичах автоматы в руки, но они исполняют обязанности священников в
православных церквях, особенно во время пасхи, вербницы, рождества?

Адказаць

Імя::Павал Севярынец

13.06.2014 18:09

Чытайма Караткевіча: “А ворагаў было столькі, што куды б не пусьціў стралу
– яна трапляла ў мэту”. Расейскія вярбоўшчыкі і пуцінскія турысты даўно тут – і
балаганнае казацтва далёка не самая сур’ёзная пагроза. Увесь рэжым збудаваны як
Луганская рэспубліка – ад падвалінаў савецкай мэнтальнасьці да стратэгічнага
вайсковага плянаваньня. Перамагчы і рэжым, і імпэрыю можам толькі разам – і
толькі з Хрыстом.


Імя::123Горад::Мінск

13.06.2014 14:08

Ці зрабіла апазіцыя высновы пасля выбараў 2010? Ці атрымаецца ў вас
што-небудзь у 2015? Колькі трэба людзей на Плошчы, каб Лукашэнка сам уцек? Ці
гатовы Лукашэнка забіваць? Зараз можна налічыць толькі некалькі дзесяткаў
забітых беларусаў… У той час, калі ЗША забіваюць тысячы ў Іраке, дронамі ў
Пакістане, катуюць у Гуантанама…Вы не лічыце, што ў беларускага грамадства
яшчэ есць пэўны псіхалагічны рэзерв дзеля рэк крыві, якія дапамогуць Лукашэнке
заставацца яшчэ доўга пры ўладзе перад тым, як штосьці зменіцца… Тым больш
пры поўным кантролем за большасцю СМІ. Ліквідаваць адзінага яму—лягчэй
легкага.)))

Адказаць

Імя::Павал Севярынец

13.06.2014 16:12

Крыважэрнае ў Вас пытаньнечка атрымалася, 123. Калі бярэцеся лічыць ахвяры
– не забудзьцеся пра сотні тысячаў беларусаў, каторыя за апошнія 20 гадоў былі
зьнішчаны ва ўлоньні матуляў, загінулі ад алкаголю, засіліліся ад невыноснасьці
нашага стабільнага жыцьця.

А наконт ліквідацыі Адзінага – паспрабавалі Юшчанку ў 2004-ым ліквідаваць, дык
аранжавая рэвалюцыя грымнула.

Атрымаецца ў нас усё тады, калі будзем рабіць, што можам, а не прыдумваць, чаму
рабіць ня трэба.


Імя::ZГорад::Minsk

13.06.2014 14:35

Пасля апошніх падзеяў ва Ўкраіне, ці трэба нам імкнуцца больш у Еўропу, ці
спрабаваць будаваць свае адносіны з Расеяй? Які шлях для Беларусі вы бачыце
цяпер?

Адказаць

Імя::Павал Севярынец

13.06.2014 16:13

Беларусі трэба мацаваць сваю незалежнасьць, сваю веру, сваю любоў. Час
нялёгкі, але бывала і цяжэй. Украіна ўсім давяла: згуртуемся, будзем маліцца,
рабіць і падтрымліваць адзін аднаго – здужаем.


Імя::АлесьГорад::Минск

13.06.2014 15:25

Павел,пра якога адзинага можа исьци размова з калякиным,?ТБМ, былыя и
дзеючыя Фронтауцы вылучаюць свайго нацыянальнага кандыдыта,Можа вам быць з ими?
Адзинага ужо ня будзе.Ци вы усе робиця дзеля =бабла=?

Адказаць

Імя::Павал Севярынец

13.06.2014 16:36

Вам як прыхільніку нацыянальнага кандыдата прапаную для пачатку ўсталяваць
беларускую раскладку на клавіатуры, а то неяк няёмка атрымліваецца. І мо,
падкажаце, каго вылучаюць ТБМ і фронтаўцы?..


Імя::Вячеслав Д.Горад::Варшава

13.06.2014 15:31

А правда, что вы Павел топтали ногами палатки сторонников Партии Регионов в
2004 году в Киеве? И как такой поступок соотносится с христианскими ценностями?

Адказаць

Імя::Павал Севярынец

13.06.2014 16:37

Быў грэх, выціраў ногі аб сымболіку рэгіяналаў.

А яшчэ я ў Маладым Фронце кардоны міліцэйскія прарываў, ды па дахах лазіў,
бел-чырвона-белыя сьцягі вывешваць. Эх, маладосьць! 🙂

 

Болей навін