Віталь Рымашэўскі: Дамова з ЛДП кампраметуе любую палітычную сілу
Пагадненне з партыяй Гайдукевіча – крок да ліквідацыі апазіцыі. Пра гэта
сайту charter97.org заявіў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская
хрысціянская дэмакратыя» (БХД) Віталь Рымашэўскі. Такім чынам палітык
пракаментаваў падпісанне пагаднення паміж абласнымі арганізацыямі Аб’яднанай
грамадзянскай партыі і Ліберальна-дэмакратычнай партыі.
«Спадзяюся, што адбылося непаразуменне, а падпісанне дамовы – прыватная
ініцыятыва кіраўніка абласной арганізацыі АГП. ЛДПБ не з’яўляецца дэмакратычнай
арганізацыяй. Гэта бутафорская, падстаўная, праўладная партыя. Адзін з яе
кіраўнікоў – сын старшыні ЛДПБ Алег Гайдукевіч – зусім нядаўна кіраваў РУУС
Фрунзенскага раёна і прымаў удзел у маштабных рэпрэсіях супраць дэмакратычных
актывістаў і апазіцыйных палітычных партый Беларусі. Я не лічу магчымым
ўспрымаць іх як палітычных партнёраў. Хутчэй гэта палітычныя клоўны. Падпісанне такой дамовы кампраметуе любую
палітычную сілу», – заявіў ён.
Віталь Рымашэўскі падкрэсліў, што дамова, якую заключылі прадстаўнікі
абласных структур дзвюх партый, – частка стратэгіі рэжыму па знішчэнні
апазіцыі.
«Мэта ўладаў – разбурэнне сапраўднай незалежнай ад рэжыму палітычнай
апазіцыі, яе кампраметацыя і стварэнне на яе месцы падстаўных структур. Адной з
такіх імітацыйных арганізацый і з’яўляецца ЛДПБ. Яна пацвердзіла гэта сваімі
дзеяннямі на працягу ўсяго свайго існавання. Адзін са спосабаў ліквідацыі
апазіцыі – яе падмена марыянеткавамі партыямі, псеўдаўтварэннямі, якія выдаюцца
за дэмакратычную апазіцыю. Гэтая дамова – адзін з крокаў па рэалізацыі гэтай
стратэгіі уладаў. Гэта павінна быць зразумела любому грамадзяніну краіны», –
сказаў Віталь Рымашэўскі.