Змагара з будаўніцтвам дамоў на могілках у Валожыне збівалі і пагражалі “закатаць у асфальт” (фота)
У Валожыне на мясцовага актывіста Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі
Георгія Каржанеўскага, які змагаецца супраць будаўніцтва ў горадзе свінакомплексу
і дамоў на месцы масавых расстрэлаў яўрэяў на мясцовым стадыёне падчас другой
сусветнай вайны, аказваецца ціск.
Так, прадстаўнікі забудоўшчыка – кампаніі алігарха Юрыя Чыжа
– неаднойчы пагражалі “закатаць яго ў асфальт”, а ўзімку падчас адной
з сустрэчаў нават ударылі пенсіянера ззаду па нырках, паведамляе в.а. каардынатара
аргкамітэту БХД па Мінскай вобласці Павал Пракаповіч.
А на мінулым тыдні на стадыёне пачалі бурыць грунт. Георгі Каржанеўскі ў
першы дзень здолеў спыніць працу будаўнікоў, растлумачыўшы ім усё пра стадыен,
аднак на наступны дзень працы аднавіліся – па словах будаўнікоў, “ўсе ўжо
вырашана мясцовымі ўладамі”.
У стан занядбання стадыен быў прыведзены адмыслова мясцовымі ўладамі.
Замест таго, каб перахаваць жэртваў халакосту, якіх тут пахавана некалькі
сотняў чалавек, яны зрабілі насып акурат на месцы растрэлаў.
Мясцовыя жыхары добра ведаюць, дзе знаходзіцца гэтае страшнае месца. Такое
забыць немагчыма. У лістападзе 1941 годзе некалькі сотняў яўрэяў, лепшых
прадстаўнікоў яўрэйскай абшчыны Валожына – равіна, спартоўцаў, вайскоўцаў,
інтэлігенцыю, былі растраляныя на мясцовым стадыёне. Шмат хто з тых, каго
прыводзілі на стадыен, не чакалі стрэлаў і прыгалі ў яму жывымі, ад чаго некалькі
гадзін пасля таго, як засыпалі яму, зямля нібыта “хадуном хадзіла”.
Але райвыканкам адмаўляецца праводзіць раскопкі, перапахаванне загінуўшых у
гады Вялікай айчыннай вайны яўрэяў. Кажуць: “там нічога няма, не ў тым
месцы… Ужо ўсе вырашана…” Але ж будаваць тут плануюць, бо тут гэта
рабіць прасцей, адкрытая прастора, добрая інфраструктура.
Георгій Каржанеўскі неаднаразова звяртаўся да мясцовых уладаў з
патрабаваннем спыніць будаўніцтва жылых дамоў на месцах масавых растрэлаў
яўрэяў.
БХД патрабуе неадкладна спыніць будаўніцтва жылых дамоў на касцях
загінуўшых ахвяраў фашызму. Патрабуем спыніць ціск на Каржанеўскага Георгія
Мікалаевіча, і правесці грамадскія слуханні па гэтай праблеме. Патрабуем
правесці раскопкі на месцы массавых растрэлаў, перазахаваць і ўшанаваць памяць ахвяраў
халакосту.