Павел Севярынец: Працэс абрання адзінага кандыдата тармозіць “Гавары праўду”
Сустаршыня аргкамітэту па
стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” і ініцыятар абрання
адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў на прэзідэнцкіх выбарах-2015
распавёў, чаму “забуксаваў” гэты працэс.
Павел
Севярынец:Працэс
абрання “адзінага” пакуль затармазіўся дзеля ўдакладнення пазіцыі кампаніі
“Гавары праўду”. Хоць, у прынцыпе, дамовіліся ўжо пра ўсё. Падрыхтаваны
дакумент па працэдуры абрання адзінага кандыдата, засталося толькі ўзгадніць
адзін з некалькіх метадаў абрання дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных сілаў. І
вось ёсць пазіцыя намесніка старшыні “Гавары праўду” Андрэя Дзмітрыева
(наколькі я зразумеў, ён усе пытанні вырашае ў кампаніі, а не Уладзімір
Някляеў), што ім трэба абіраць дэлегатаў праз збор подпісаў. Яны ініцыянавалі
кампанію “Народны рэферэндум”, збіраюць подпісы і хочуць гэтак жа дэлегатаў
вылучыць. Адным словам, невядома навошта зацягваюць працэс. Так што магу
адказна заявіць, што сёння галоўная праблема ў вылучэнні адзінага кандыдата –
канкрэтна Дзмітрыеў.
РР: З
якімі мэтамі “адзіны” пойдзе на выбары, калі яго ўсё ж такі абяруць?
Павел
Севярынец:Калі
яго не зарэгіструюць на так званых выбарах, то адзіны кандыдат стане лідарам
таго спосабу, які будзе адпавядаць палітычнай сітуацыі. Але, паўтаруся, сёння
ўсё ўпёрлася ў аднаго чалавека. І зараз трэба выбіраць адно з двух. Альбо
абіраць адзінага кандыдата без “Гавары праўду”, альбо браць быка за рогі
(Някляева) і спрабаваць вырашыць сітуацыю.
РР:
Калі мяркуецца правесці Кангрэс?
Павел
Севярынец:Былі
меркаванні, што ён можа адбыцца альбо напрыканцы гэтага года, альбо ў пачатку
наступнага. Але пакуль усё пад пытаннем. Разумееце, калі нехта ставіць за мэту
сарваць працэс, то з гэтым вельмі складана змагацца. Галавой столь не праб’еш.
РР:
Наколькі для беларускай апазіцыі актуальнае пытанне адзінага кандыдата?
Павел
Севярынец:Яно
вельмі актуальнае, таму што Украіна паказала, што справы могуць быць вельмі
сур’ёзныя. І дэмакратычным сілам трэба размаўляць з беларускім народам, з
Захадам, з рэжымам і з Расеяй адным голасам. Інакш мы проста не будзем
адыгрываць ніякай ролі. Вось зараз падобна на тое, што апазіцыя – не суб’ект.
Калі ж яна адзіная, то па меншай меры – гэта пункт погляду. Тое, на што
рэагуюць многія людзі. Таму гэта крытычнае пытанне. Але ізноў хацеў бы
ўдакладніць – гаворка не ідзе пра тое, што мы збіраем каманду ўдзельнікаў у так
званых выбарах. Мы выбіраем адзінага лідара, які здольны альбо выкарыстаць
фарс-2015 для перамогі дэмакратыі, альбо дамагацца свайго іншымі метадамі. Але
для гэтага трэба быць “адзіным”.
Кастусь
Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя