У Мінску прадставілі «Беларускі Пілігрымскі Хіт» (відэа, фотарэпартаж)
29 чэрвеня, напярэдадні часу пілігрымак, у Мінску быў прадстаўлены зборнік найлепшых паломніцкіх спеваў па-беларуску — “Беларускі Пілігрымскі Хіт”, які выйшаў пры падтрымцы кампаніі «Будзьма беларусамі», паведамляе карэспандэнт Крыніца.INFO.
Распачалася нядзельная імпрэза з выканання беларускага рэлігійнага гімну «Магутны Божа» грэка-каталіцкім хорам «Прасфара». Затым перад гасцямі выступілі некаторыя з удзельнікаў «Беларускага Пілігрымскага Хіту» – гурт «Laudans», выканаўцы Мікола Крышнёў і Алеся Ўнукоўская. Прачытала свае вершы, прысвечаныя пілігрымкам, і журналістка Аксана Ючкавіч.
Апроч таго, людзі, якія спрычыніліся да выдання складанкі і правядзення канцэрту, атрымалі дыскі з рук вядучай мерапрыемства Вольгі Севярынец. Скончылася імпрэза спевам малітвы «Ойча наш» у выкананні хору «Прасфара».
Нагадаем, складанка «Беларускі Пілігрымскі Хіт» з’яўляецца шостай у серыі “Беларускі Хрысціянскі Хіт”. Спярша былі “Хрысціянскія гімны” (2008), “Хіты праслаўлення” (2009), зборнік калядных хітоў “Хрыстос нарадзіўся” (2009), велікодных “Хрыстос уваскрос” (2010), а таксама складанка “Бардаўскі Хрысціянскі Хіт” (2010). Наступнымі ў серыі “БХХ” чакаюцца зборнік найлепшых хрысціянскіх патрыятычных спеваў “Люблю Беларусь”, “Беларускі Хрысціянскі Рок” і “Беларускі Літургічны Спеў”.
У «Беларускі Пілігрымскі Хіт» увайшлі спевы ў выкананні калектываў «Голас Душы», «Міласць», «Laudans», «Gloria», «Радасць», «Рыбы», «Еднасць», «Подых Духа», «Пілігрымы», а таксама Ганны і Ядзвігі Багдановічаў, Юлі Фраловай, Алесі Ўнукоўскай, Міколы Крышнёва.
Фота і відэа – Надзея Гацак