Віцэ-прэм’ер сустрэўся з актывістамі кампаніі “Абаронім нашых дзяцей ад алкаголю” (відэа)

03 ліпеня 2014 11:10  |  Галоўныя навіны

Першы
намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка сустрэўся з прадстаўнікамі грамадскай
кампаніі “Абаронім нашых дзяцей ад алкаголю”. Яе праводзіць ствараная
партыя Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя.

 

Паводле Вольгі Кавальковай з БХД, якая непасрэдна кіруе
кампаніяй, чыноўніку перадалі зварот, падпісаны некалькімі тысячамі грамадзян
Беларусі.

Вольга
Кавалькова
:


Зварот прадугледжвае заканадаўчыя прапановы ў галіне дэалкагалізацыі
насельніцтва і змену заканадаўства, якое рэгулюе продаж і рэалізацыю
алкагольнай прадукцыі. Была такая дыскусія пра тое, якія шляхі магчымыя для
таго, каб усё ж такі Беларусь не была ў лідарах па гэтай праблеме ў свеце. Ён
даручыў разгляд нашай прапановы міністру аховы здароўя Жарко, міністру
унутраных спраў 
Шуневічу і міністру гандлю.

 

Уладзімір Сямашка падтрымаў
ініцыятыву грамадзян, хоць і крыху скептычна паставіўся да сцвярджэнняў, што
Беларусь займае першае месца ў свеце па спажыванню алкаголю на душу
насельніцтва. А такія звесткі за мінулы год прадставіла Сусветная арганізацыя
аховы здароўя.

 

Амаль 10 тысяч подпісаў сабрана
пад зваротам супраць алкагалізацыі насельніцтва. Збор ажыццяўляла ствараная
партыя Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя. Сам зварот перадалі першаму
намесніку кіраўніка ўрада Уладзіміру Сямашку.
Паводле аднаго з лідараў партыі Віталя Рымашэўскага,
уладам варта звярнуцца да досведу іншых краін:


Напрыклад, такія элементарныя рэчы, якія не патрабуюць вялікіх фінансавых
затрат, як поўная забарона рэкламы фірм, якія выпускаюць алкаголь. Сёння брэнды
рэкламуюцца ў Менску і самая папулярная рэклама – гэта рэклама назвы гарэлкі.
Тое ж самае можна сказаць пра продаж алкагольных напояў у крамах. Мы прапануем,
патрабуем вынесці алкагольныя напоі ў асобныя аддзелы, асобныя крамы і
забараніць іх прадаваць побач з безалкагольнымі напоямі, якія набываюць дзеці.

 

Прапануецца таксама дазволіць
бясплатную арэнду памяшканняў арганізацыям ананімных алкаголікаў. Паводле
Віталя Рымашэўскага, адчуваецца, што ўлада стаіць перад няпростым для яе
выбарам: здароўе нацыі, ці звышпрыбыткі ад рэалізацыі алкаголю.

 

Болей навін