Кіраўніцтва кампаніі “Абаронім нашых дзяцей ад алкаголю” сустрэлася з віцэ-прэм’ерам Сямашкам
У рамках кампаніі “Абаронім нашых
дзяцей ад алкаголю” адбылася сустрэча з віцэ-прэм’ерам Уладзімірам
Сямашкам. Кіраўніца кампаніі Вольга Кавалькова разам з прадстаўнікамі
рэгіянальных ініцыятываў перадалі ў Саўмін некалькі тысяч подпісаў, сабраных
актывістамі па ўсёй краіне пад калектыўным зваротам грамадзянаў за змены заканадаўства
аб рэгуляцыі рэкламы і продажу алкаголю, а таксама за спрыянне дзейнасці
арганізацый, якія аказваюць дапамогу залежным ад алкаголю.
Падчас сустрэчы актывісты абмеркавалі з
Уладзімірам Сямашкам прапановы кампаніі. Саўмін прадэманстраваў жаданне ісці на
сустрач патрабаванням грамадзян.
Прапановы кампаніі ўяўляюць сабой
першачарговыя крокі па барацьбе з алкагалізацыяй насельніцтва Беларусі. Пры іх
складанні быў праведзены параўнаўчы аналіз закандаўства іншых краін у сферы
продажу і рэкламы алкаголю, які паказаў, што ў Беларусі адна з самых адсталых
заканадаўчых базаў у Еўропе ў галіне продажу і распаўсюду алкаголю. Сярод асноўных
прапановаў кампаніі – вынас алкагольнай прадукцыі з агульных гандлёвых залаў у асобныя
памяшканні, забарона рэкламы алкагольных брэндаў (“пітных водаў”
“Бульбаш”, “Сваяк” і г.д.), забарона рэкламы піва, спрыянне
дзейнасці дабрачынных арганізацый, якія дапамагюць выйсці з алкагольнай залежнасці
(вярнуць права льготнай арэнды памяшканняў і г.д.)
“Тое, што прапануем – гэта тыя крокі,
якія дзейнічаюць нават у Расіі. Іх прыняццё не з’яўляецца складанасцю ў межах
нашай краіны. Рэалізаваць гэтыя прапановы можна вельмі хутка, але ўсё залежыць
ад жадання і волі ўлады. Пакуль мы бачым дэкларацыю ўладаў змагацца з
алкагалізацыяй, аднак за дэкларацыяй павінны ісці рэальныя дзеянні”, –
адзначыла Вольга Кавалькова.