У Будславе прайшлі ўрачыстасці ўшанавання абразу Маці Божай (фотарэпартаж)
4-5 ліпеня ў Будславе ў Мядзельскім раёне прайшлі ўрачыстасці ў гонар Будслаўскага абразу Божай Маці, які ў Каталіцкім Касцёле лічыцца цудатворным, дзякуючы малітоўнаму заступніцтву Багародзіцы.
На Беларусі гэты абраз апынуўся ў 1598 годузе і з 1613 году захоўваецца ў Будславе. Пачынаючы з 1990 года тысячы вернікаў прыбываюць сюды, каб ушанаваць святыню. У 1996 годзе Маці Божая Будслаўская была абвешчаная нябеснай апякункай Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а ў 1998 годзе абраз каранавалі папскімі каронамі.
Сёлета Будслаў таксама сабраў тысячы каталіцкіх вернікаў, больш за 2,5 тысячы з іх прыйшлі да абразу пешшу. Былі на Будслаўскім фэсце і прадстаўнікі з замежжа, у тым ліку і пілігрымы з Украіны. Усе яны прынялі ўдзел у шматлікіх набажэнствах і малітвах, галоўнае з якіх адбылося ў ноч на 5 ліпеня. Яго ўзначаліў апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.
Апроч таго, была ў Будславе і асобная праграма для моладзі: танцы, музычныя выступы. А манахі-капуцыны запрашалі ўсіх на сапраўдную каву «капучыну».
Шэраг відэа з Будславу можна паглядзець тут.
Фота – Надзея Гацак