Актывісты БХД сабралі больш за 10 тыс. подпісаў праціўнікаў алкагалізацыі насельніцтва
Актывісты аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская
хрысціянская дэмакратыя» сабралі больш за 10 тыс. подпісаў грамадзян у
падтрымку дэалкагалізацыі насельніцтва Беларусі, паведамляе БелаПАН.
9 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску актывістка БХД Вольга
Кавалькова распавяла, што сёння «улады хоць і дэкларуюць наяўнасць праблемы
алкагалізацыі насельніцтва, але для яе вырашэння нічога не робяць». Напрыклад,
адзначыла яна, са ста заявак на правядзенне пікетаў супраць алкагалізацыі
насельніцтва, якія падалі актывісты БХД у 41 горадзе Беларусі, задаволеныя
толькі дзве – у Клічаве (Магілёўская вобласць) і Валожыне (Мінская вобласць).
Кавалькова адзначыла, што людзі станоўча ўспрымаюць кампанію
БХД і актыўна да яе далучаюцца. Подпісы збіраліся прыкладна ў 30 населеных
пунктах і былі перададзеныя мясцовым уладам.
Кавалькова таксама паведаміла, што на сустрэчах з
чыноўнікамі Міністэрства гандлю, а таксама з першым віцэ-прэм’ерам Беларусі
Уладзімірам Сямашкам тыя выказвалі разуменне важнасці паднятай БХД праблемы.
Арганізацыя распрацавала, у прыватнасці, заканадаўчыя прапановы, якія тычацца:
вынасу алкагольнай прадукцыі з агульных гандлёвых залаў у асобныя памяшканні;
забароны рэкламы алкагольных брэндаў; забароны рэкламы піва; садзейнічання
дзейнасці добраахвотных арганізацый, якія дапамагаюць пазбавіцца ад алкагольнай
залежнасці.
Адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі паведаміў, што
арганізацыя праводзіць і шэраг іншых кампаній, у прыватнасці якія тычацца
даступнасці якаснай медыцыны, праблемы якасці пітной вады ў Мінску і іншыя.
Ён нагадаў, што БХД падчас мясцовай кампаніі вылучала
кандыдатамі каля 200 чалавек. «Гэта актыўныя людзі, якія гатовыя ўдзельнічаць у
вырашэнні мясцовых праблем праз збор подпісаў, арганізацыю грамадзянскага ціску
на ўладу», – сказаў Садоўскі.