Актывіст БХД: на нашых вачах знікае спадчына беларускага народу (відэа)
На сённяшні дзень у
Беларусі налічваецца больш за 15 тыс. помнікаў гістарычнай спадчыны, з якіх
толькі 5% прабываюць у годным стане. Пра
гэта ў межах праекту Epramova заявіў актывіст
аргкамітэту БХД Павел Булаты.
“На нашых вачах знікае спадчына беларускага
народу, руйнуюцца старажытныя замкі, у заняпадзе стаяць палацы і сядзібы”,
– адзначыў ён.
Паводле яго, дзяржава робіць спробы па захаванні
культурнай спадчыны, але якасць рэстаўрацыйных прац застаецца на нізкім
узроўні, а адмысловыя дзяржпраграмы па захаванні спадчыны фінансуюцца па
рэшткавым прынцыпе. Выхадам з дадзенай сітуацыі можа быць выкарыстанне
культурнай спадчыны ў турыстычных мэтах, бо турызм у шмат якіх краінах
з’ўяляецца значнай часткай нацыянальнай эканомікі, лічыць актывіст.
“Нацыянальным
турыстычным прадуктам Беларусі можа стаць культурна-гістарычная спадчына. Але
індустрыя турызму развіваецца дзякуючы прыватнай ініцыятыве прадпрымальнікаў, а
для іх дзяржава павінна стварыць адпаведныя ўмовы. Трэба ўсталяваць трывалае
заканадаўства, знізіць колькасць і ўзровень падаткаў, ліквідаваць татальны
кантроль з боку дзяржавы. Такім чынам беларуская спадчына будзе захавана яе
гаалоўным спадчыннікам – беларускім народам, які і павінен захоўваць яе”, – падкрэсліў Павел Булаты.