У Менаблвыканкаме заявілі аб магчымай супрацы з кампаніяй “Абаронім нашых дзяцей ад алкаголю”

16 ліпеня 2014 11:57  |  Грамадства

Ініцыятыўная група па зборы подпісаў
у рамках кампаніі “Абаронім нашых дзяцей ад алкаголю” наведала Менскі абласны выканаўчы камітэт,
дзе сустрэлася з прадстаўнікамі ўпраўлення адукацыі.

 

Абласным чыноўнікам было расказана пра канкрэтныя прапановы кампаніі па
барацьбе з алкагалізацыяй насельніцтва. Пры іх складанні быў праведзены параўнаўчы аналіз
закандаўства іншых краін у сферы продажу і рэкламы алкаголю, які паказаў, што ў
Беларусі адна з самых адсталых заканадаўчых базаў у Еўропе ў галіне продажу і
распаўсюду алкаголю. Сярод асноўных прапановаў кампаніі – вынас алкагольнай
прадукцыі з агульных гандлёвых залаў у асобныя памяшканні, забарона рэкламы
алкагольных брэндаў (“пітных водаў” “Бульбаш”,
“Сваяк” і г.д.), забарона рэкламы піва, спрыянне дзейнасці
дабрачынных арганізацый, якія дапамагюць выйсці з алкагольнай залежнасці
(вярнуць права льготнай арэнды памяшканняў і г.д.)

 

У сваю чаргу наведвальнікам распавялі пра канкрэтныя меры, якія прынятыя ў
вобласці дзеля прадухілення алкагольнай залежнасці сярод няпоўналетніх і
моладзі. Напрыклад, абмежаваны продаж алкаголю з 21.00 да 9.00. раніцы, у тым
ліку і на запраўках. Кожны трэці чацвер месяца аб’яўлены днём цвярозасці. Сярод
школьнікаў праводзяцца конкурсы па стварэнні відэаролікаў на тэму шкоды
алкаголю. Абласная ахова здароўя вядзе скрынінг сітуацыі – колькі за год
назіралася выпадкаў псіхозу сярод дарослых і падлеткаў на глебе злоўжывання.

 

На сустрэчы абмяркоўваліся магчымыя накірункі сумеснай дзейнасці.

 

Нагадаем, што па звестках Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Беларусь заняла
першае месца ў свеце па спажыванні алкаголю на душу насельніцтва. Свае даклады
СААЗ рыхтуе паводле афіцыйных дадзеных Беларусі.

Болей навін