Шчадроў: сакратар Папы сказаў, што справа прытулку ў яго на кантроле

22 ліпеня 2014 11:10  |  Грамадства

 

Заснавальнік дабрачыннага прытулку для бяздомных у вёсцы Аляксандраўка Шчучынскага раёну Аляксей Шчадроў распавёў Крыніца.INFO падрабязнасці свайго візіту ў Ватыкан.

Паводле яго словаў, у аэрапорце Рыму яго сустрэлі прадстаўнікі місіянераў міласэрнасці Маці Тэрэзы з Калькуты, у якіх ён жыў, знаходзячыся ў Вечным горадзе. На наступны дзень пасля прыбыцця ў Рым Аляксей Шчадроў разам з генеральным настаяцелем супольнасці а. Себастыянам накіраваўся да сакратара Папы Францішка.

 

Сакратар распытаў пра тое, колькі гадоў Аляксей Шчадроў займаецца прытулкам, адкуль атрымлівае фінансаванне, як да яго ставяцца мясцовыя касцёльныя ўлады і што ён хоча ад Касцёлу.

 

«Я распавёў, што ўжо трэці год пайшоў служэння. Жывем за тое, што людзі дадуць – за адзін Божы Провід. У нас 20 чалавек, з іх пяцёра ляжачых. Займаецца прытулкам двое братоў. Біскуп Аляксандр Кашкевіч ведае пра нас, нунцый ведае, уся Беларусь ведае. Ёсць святар, прызначаны біскупам пасля таго, як прытулак быў зарэгістраваны як прыватная ўстанова. Аднак біскуп ставіцца насцярожана да нас, чагосьці непакоіцца. На гэта а.Себастыян адзначыў, што ў Беларусі людзі жывуць, як пры Сталіне, і ўсяго баяцца.  Ён таксама станоўча ахарактарызаваў нашае служэнне за тое, што мы займаемся беднымі, бо бедным трэба дапамагаць», — паведаміў суразмоўца.

 

Што тычыцца чаканняў ад Касцёлу, то Аляксей Шчадроў заявіў сакратару, што спадзяецца толькі на рэгістрацыю як грамады місіянераў міласэрнасці. «Нам фінансы ад Касцёлу не трэба. Мы самі», — падкрэсліў ён.

 

Паводле яго словаў, сакратар паабяцаў, што пра вынікі сустрэчы паведаміць а.Себастыяну, і, магчыма, у верасні Аляксей Шчадроў зможа зноў прыехаць у Ватыкан.

 

«Я вельмі рады, што з’ездзіў, і дзякую за гэта Богу, што Госпад дабраславіў, адчыніў дзверы. Што Ён даў мне людзей, якія дапамаглі. Я думаю, што нешта мусіць быць, якіясьці змены. Я ў гэта веру. Сакратар Папы сказаў, што вельмі шмат залежыць ад біскупа. Ён таксама сказаў, што гэта справа будзе ў яго на кантроле», — дадаў Аляксей Шчадроў.

 

Як паведамляла Крыніца.INFO, беларускі каталік Аляксей Шчадроў, які арганізаваў у сябе на ўчастку ў вёсцы Аляксандраўка прытулак для бяздомных, запрошаны ў Ватыкан. Сакратарыят Святога пасаду зацікавіўся дзейнасцю заснаванага Аляксеем таварыства «братоў-місіянераў прыкладу Маці Тэрэзы з Калькуты».

 

Увечары 15 ліпеня ён выехаў з Гродна у Ватыкан. Між тым у сувязі з інфармацыяй у СМІ наконт Аляксея Шчадрова і заснаванага ім прытулку для бяздомных “Дом Марыі” ў вёсцы Аляксандраўка Шчучынскага раёна курыя Гродзенскай дыяцэзіі выступіла з адмысловай заявай.

Болей навін