Апостальская нунцыятура выступіла з заявай па Шчадрову. БХД правярае інфармацыю

24 ліпеня 2014 21:33  |  Грамадства

Апостальская
Нунцыятура ў Беларусі 24 ліпеня выступіла з паведамленнем адносна заснавальніка
дабрачыннага прытулку ў Шчучынскім раёне Аляксея Шчадрова:

 

” У сувязі з нядаўна апублікаванымі ў некаторых сродках інфармацыі
паведамленнямі адносна спадара Аляксея Шчадрова, вядомага таксама як брат
Луіджы, Апостальская Нунцыятура ў Рэспубліцы Беларусь удакладняе наступнае:

 

1. Спадар Шчадроў не належыць да ніводнай арганізацыі, зацверджанай
Каталіцкім Касцёлам, як ужо было ўдакладнена ў паведамленні курыі Гродзенскай
дыяцэзіі, абнародаваным 19 ліпеня гэтага года на інтэрнэт-партале
Рыма-Каталіцкага Касцёла ў Беларусі www.catholic.by. Ён таксама не належыць да
ніводнай супольнасці кансэкраванага жыцця (манаскай абшчыны), у тым ліку і да
супольнасці Місіянераў Божай Любові Маці Тэрэзы з Калькуты.

2. Насуперак таму, што сам спадар Шчадроў нядаўна заяўляў, не было ні раней, ні
ў цяперашні момант запланавана ніякай сустрэчы згаданага спадара са Святым
Айцом Францішкам.

3. Ён таксама не быў прыняты на аўдыенцыі ніводным з Сакратароў Святога Айца.
Паведамленне пра тое, што такая сустрэча нібы адбылася, што на ёй нібы
прысутнічаў вялебны айцец Себасцьян Важакала, сузаснавальнік супольнасці Братоў
Місіянераў Божай Любові, а таксама пра каментары, якія нібыта былі выказаны ў
сувязі з гэтым, пазбаўлена ўсялякай падставы.

4. Мы заклікаем сродкі масавай інфармацыі, якія распаўсюдзілі абвергнутыя намі
звесткі, неадкладна апублікаваць гэтую ноту. Мы таксама не можам устрымацца ад
таго, каб на будучыню заахвоціць да ўважлівага папярэдняга ўдакладнення
атрыманых ад спадара Шчадрова звестак перш, чым яны будуць распаўсюджаныя, з
увагі на ўжо неаднаразовыя, на жаль, заявы з ягонага боку, якія не адпавядаюць
рэчаіснасці”.

 

Раней мы публікавалі, як Аляксей Шчадроў,
распавядаючы пра падрабязнасці свайго візіту ў Рым, заяўляў, што ў аэрапорце
Рыму яго сустрэлі прадстаўнікі місіянераў міласэрнасці Маці Тэрэзы з Калькуты,
у якіх ён жыў, знаходзячыся ў Вечным горадзе. На наступны дзень, паводле яго
словаў, Аляксей Шчадроў разам з генеральным настаяцелем супольнасці а.
Себастыянам накіраваўся да сакратара Папы Францішка..

 

Зараз прэс-служба ўдакладняе атрыманую інфармацыю. Пра вынікі мы паведамім
нашым чытачам дадаткова.

Болей навін