Генерал супольнасці Братоў Місіянераў Божай Любові пацвярджае візіт Шчадрова, але абвяргае якіясьці сустрэчы
Генеральны суперыёр супольнасці Братоў Місіянераў Божай Любові Себастыян Важакала ў размове з Крыніца.INFO пацвердзіў візіт да законнікаў на мінулым тыдні Аляксея Шчадрова, заснавальніка дабрачыннага прытулку ў вёсцы Аляксандраўка Шчучынскага раёну.
Разам з тым ён заявіў, што на ніякія сустрэчы з сакратаром Папы Рымскага яны не хадзілі. Паводле яго словаў, на гэта папросту не было часу.
А.Себастыян паведаміў, што Аляксей Шчадроў прыбыў да супольнасці ўвечары пятніцы 18 ліпеня і пасля вячэры застаўся на ноч. У суботу пасля ранішняй святой Імшы і сняданку ён накіраваўся ў аэрапорт, каб выляцець да Менску, падкрэсліў генеральны суперыёр.
Датэлефанавацца да а.Аўгустына з рускай секцыі Радыё Ватыкана, з якім, паводле Аляксея Шчадрова, ён размаўляў пра візіт у Рым, карэспандэнты Крыніца.INFO не здолелі.
Нагадаем, заснавальнік дабрачыннага прытулку для бяздомных у вёсцы Аляксандраўка Шчучынскага раёну Аляксей Шчадроў, распавядаючы пра падрабязнасці свайго візіту ў Рым,заяўляў, што ў аэрапорце Рыму яго сустрэлі прадстаўнікі місіянераў міласэрнасці Маці Тэрэзы з Калькуты, у якіх ён жыў, знаходзячыся ў Вечным горадзе. На наступны дзень, паводле яго словаў, Аляксей Шчадроў разам з генеральным настаяцелем супольнасці а. Себастыянам накіраваўся да сакратара Папы Францішка.
Між тым у паведамленні Апостальскай Нунцыятуры ад 24 ліпеня адзначаецца, што Шчадроў не быў прыняты на аўдыенцыі ніводным з Сакратароў Святога Айца, а «паведамленне пра тое, што такая сустрэча нібы адбылася, што на ёй нібы прысутнічаў вялебны айцец Себасцьян Важакала, сузаснавальнік супольнасці Братоў Місіянераў Божай Любові, а таксама пра каментары, якія нібыта былі выказаны ў сувязі з гэтым, пазбаўлена ўсялякай падставы».