На дабрачынным канцэрце сабралі больш як 700 даляраў для Рыгора Кійко (відэа, фотарэпартаж)
У Мінску 31 ліпеня адбыўся дабрачынны канцэрт салідарнасці з мастаком, каталіцкім вернікам Рыгорам Кійко, які мае патрэбу ў дарагіх леках і складанай аперацыі, што робіцца толькі за мяжой.
На канцэрце выступілі са сваімі спевамі барды Зміцер Бартосік і Зміцер Вайцюшкевіч. Апроч таго, пра асобу пана Кійко і неабходнасць дапамогі яму распавялі палітыкі і грамадскія актывісты Павал Севярынец, Юлія Сцяпанава, Аляксей Марачкін, Ганна Шапуцька, Галіна Сіўчык.
За час канцэрту на лекаванне Рыгора Кійко было сабрана ў суме больш як 700 даляраў.
Рыгор Кійко — вядомы беларускі кераміст, сябра Саюзу мастакоў і суполкі «Пагоня». Доўгі час працаваў бібліятэкарам у касцёле святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл) у Менску.
У 1997 годзе ён, адбіваючы на Дні Волі-1997 бел-чырвона-белы сцяг, быў арыштаваны, правёў тры месяцы ў СІЗА на Валадарскага і атрымаў два гады «хіміі» ў Зембінскай спецкамендатуры. Быў прызнаны «Amnesty International» вязнем сумлення. 8 лістапада 2001 годзе быў жорстка збіты пры абароне Курапатаў.
Ахвяраванні для Рыгора Кійко можна перадаць, звязаўшыся па тэлефонах: +37529 2753212 (Таццяна), +37544 7719817 (Марына).
Фота і відэа — Надзея Гацак