Прамоўца БХД абскарджвае сваё звальненне: заўтра суд
Прамоўца Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі падчас мясцовай
кампаніі 2014 году, маці трох дзяцей Святлана Грыцэнка абскарджвае сваё
звальненне.
Яна працавала бібліятэкарам з верасня 1991 года, але ў
чэрвені дзяржустанова кульуры “Цэнтралізаваная біблятэчная сетка Бабруйскага
раёна” з ёй, бібліятэкарам 1-й катэгорыі аддзелу па працы з дзецьмі цэнтральнай
бібліятэкі, не працягнула кантракт. Пры гэтым за 23 гады працы яна ні разу не
прыцягвалася да дысцыплінарнай адказнасці.
Яшчэ 25 красавіка ёй прыйшло паведамленне на працяг
кантракту, на якое яна дала згоду. Аднак 2 траўня дырэктар Любоў Схаба
паведаміла прамоўцы БХД, што пасля 4 чэрвеня яна працаваць не будзе ў сувязі са
сканчэннем тэрміну кантракту. Пры гэтым Святлана Грыцэнка была звольненая,
будучы дзеючай старшынёй прафсаюзнай першаснай арганізацыі бібліятэчных
працаўнікоў Бабруйскага раёну.
Сваё звальненне яна звязвае з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй
і ўдзелам у мясцовай кампаніі. Актывістка таксама прыгадвае, як яна выступіла
супраць прымусовага продажу 11 красавіка супрацоўнікам бібліятэкі дырэктаркай
пратэрмінаваных латэрэйных квіткоў за 9 красавіка. Тады яна не толькі выказала
сваю нязгоду, але і вынесла праблему на абласны ўзровень, чым моцна разгневала
дырэктарку.
Сваё звальненне Святлана Грыцэнка абскарджвае ў судзе
Бабруйска і Бабруйскага раёну. Праз суд яна спрабуе дамагчыся ўзнаўлення на
працы, выплаты заробку за вымушаны прагул і маральнай шкоды. Паводле яе словаў,
звальненне адбілася моцна на яе здароўі і выклікала стрэс у дзяцей.
У судзе дырэктарка абвінавачвае звольненую актывістку ў
няякаснай і дрэннай працы, аднак адсутнасць папярэджанняў патлумачыць не можа.
У той жа час калегі Святланы Грыцэнкі ацэньваюць яе працу станоўча, а
прадстаўнікі абласнога абкаму прафсаюзу сцвярджаюць, што дырэктарка не
ўзгадняла з імі звальненне прафсаюзнага лідара. Адзначым, што падчас судовага
паседжання з залі суду была выдаленая каардынатарка абласнога аргкамітэту БХД
Таісія Кабанчук за тое, што вяла аўдыёзапіс працэсу.
Вынясенне прысуду адбудзецца ў чацвер 7 жніўня. Пачатак а 16.00.