БХД падала заяўкі на пікеты супраць распальвання Расіяй вайны ва Украіне і генацыду хрысціянаў Іраку
Кіраўніцтва аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская
Хрысціянская Дэмакратыя” падало заяўкі на пікеты 28 жніўня каля
дыппрадстаўніцтваў Расіі і Іраку ў Менску.
Галоўная мэта пікетаў – патрабаванне міру і спынення
вайсковых канфліктаў. Ля амбасады Расеі актывісты БХД плануюць выступіць супраць
умяшальніцтва Расіі ва ўнутраныя справы Украіны і распальвання ёю канфлікту на ўкраінскім усходзе, ля амбасады Іраку – патрабаваць тэрміновага спынення генацыду і
пераследу хрысціянаў і іншых рэлігіных меншасцяў краіны джыхадыстамі і абароны ўладамі гэтай азіяцкай краіны пераследуемых.
Заяўкі на пікеты падалі адказны сакратар аргкамітэту БХД
Дзяніс Садоўскі, каардынатары менскіх гарадской і абласной арганізацый
аргкамітэту Вольга Кавалькова і Павел Пракаповіч.
Даты пікетаў вельмі сімвалічна супадаюць з набліжэннем 75-й
гадавіны пачатку Другой сусветнай вайны, якая таксама распачалася з
папушчальніцтва сусветнымі лідарамі дзеянняў краін-агрэсараў: Нямеччыны, Італіі
і Японіі.