На смаленскай мяжы затрыманы аўтобус з беларускімі актывістамі (фота, абнаўляецца)
На смаленскай мяжы спынены
аўтобус з актывістамі, прадстаўнікамі
розных рухаў і партый, у тым ліку БХД, якія ехалі ў Катынь ушанаваць памяць
загінуўшых. Прадстаўнік пагранслужбы патрабаваў ад усіх здаць пашпарты, але
грамадзяне Беларусі адмовіліся здаваць дакументы. Зараз памежнік перапісвае
звесткі. Затрыманы адзін з членаў групы, у якога была майка з подпісам “Стоп
–Пуцін”.
Група выехала сёння раніцай і
была спынена ў 12.30.
Нагадваем, што сёння дзень памяці
ахвяраў сталінізму. Будзем сачыць за падзеямі.
14:35 Два чалавекі затрыманыя – Вольга Завадская,
маці забітага журналіста Змітра Завадскага, і яшчэ адзін актывіст. Іх павезлі для
высвятлення асобы.
Сябра БХД Яўгена Батуру змусілі
зняць майку “Стоп – Пуцін”. Ува ўсіх перапісалі пашпарты. Аўтобус
па-ранейшаму стаіць на мяжы. Актывісты збіраліся ўшанаваць у
Катыні ахвяраў нацызму і сталінізму.
14:55 Асобы, якія затрымалі аўтобус, не
даюць яму нікуды ехаць і чакаюць прыбыцця свайго кіраўніцтва. Людзі ў цывільным не прадстаўляюцца.
15:40 Аўтобус адпусцілі за 20 хвілін да закрыцця мемарыяльнага комплексу “Катынь”, у які накіроўваліся актывісты. Трымалі іх з 12:30. Няглядзячы на позні час аўтобус накіроўваецца па ранейшым маршруце. Яго суправаджае машына расійскай ДПС.
20:35 Актывісты наведалі
Катынь і вярнуліся да беларуска-расейскай мяжы. Усю дарогу іх суправаджала
міліцэйская машына з уключанай мігалкай. Заязджаць у Смаленск было забаронена. У Катыні актывістаў увесь час здымалі на відэа. Па прыездзе да мяжы актывісты збіраліся паехаць у Рудню, дзе ўтрымліваюцца
Вольга Завадская і затрыманы актывіст, аднак ім гэта было забаронена.
21:55 Актывістам дазволілі забраць з Рудні затрыманых.