Кардынал Гузар: уладу, якая засядзелася, можна падагнаць батагом (відэа)
Людзі, якія знаходзяцца пры ўладзе, памыляюцца, калі думаюць, што паходжанне ўлады ад Бога дазваляе ім рабіць усё, што заўгодна, што гэта яны ўсталёўваюць правілы ўлады. Пра гэта ў эксклюзіўным інтэрв’ю КРЫНІЦА.INFO заявіў украінскі кардынал, былы зверхнік Украінскай грэка-каталіцкай царквы Любамір (Гузар).
«Улада паходзіць ад Бога, але людзі, якія ў дадзены момант знаходзяцца пры ўладзе, павінны памятаць, што ўлада ад Бога – гэта святая рэч, што ёсць закон Божы. Бог не даў ім уладу рабіць, што яны хочуць. Бог дае ім мажлівасць выконваць Божую ўладу – уладу, якая паходзіць ад Бога. Адным словам, тая ўлада, якая выконваецца згодна з Божай воляй, з Божым законам – гэта тая ўлада, якая паходзіць ад Бога. А тое, што іншыя людзі сабе выдумляюць і прыпісваюць сабе, што яны маюць права ўсталёўваць, што і як рабіць, — гэтая ўлада не ад Бога. Нельга казаць: «Мы вам загадуем, бо мы ад Бога»», — падкрэсліў ён.
«Улада – гэта адказнасць, якую Бог дае тым, хто мае яе выконваць згодна з Божым законам. Калі тыя, хто пры ўладзе, пачынаюць рабіць тое, што ім падабаецца, яны губляюць права быць сапраўднай уладай», — мяркуе іерарх.
Паводле яго словаў, найбольш дэмакратычны спосаб, што можна рабіць, калі ўлада пачынае парушаць Божы закон і ўсталёўваць свае правілы, гэта змяніць такую ўладу праз выбары і змяняемасць улады. «Але калі ўлада любіць сядзець, то яе можна трошкі батагом падганяць. У найгоршым выпадку магчымае паўстанне, калі людзі фізічна і ўзброена паўстаюць супраць улады. У гісторыі такія выпадкі бывалі, і такая скрайняя сітуацыя можа быць», — адзначыў кардынал.
Нагадаем, што Любамір (Гузар) таксама звярнуўся з адмысловам зваротам да БХД.
Відэа – Георгі Дзмітрук