Брэст: забароненыя пікеты ў падтрымку малога памежнага руху
У мясцовым гарвыканкаме адмовілі ў правядзенні гэтых акцый, нягледзячы на
тое, што ў заяўках былі ўзгаданы месцы, якія самі ўлады вызначылі для падобных
мерапрыемтваў.
Паводле словаў аднаго з ініцыятараў пікетаў, актывіста БХД Аляксандра
Храпко, у заяўках падкрэслівалася, што пікеты будуць ладзіцца ў брэсцкім парку
воінаў-інтэрнацыяналістаў і на стадыёне “Лакаматыў”. Менавіта гэтыя пляцоўкі
самі гарадскія ўлады сваім рашэннем выбралі ў якасці месцаў, дзе могуць
адбывацца масавыя мерапрыемствы такога кшталту.
Аднак у адказе з гарвыканкама гаворыцца, што пікет на стадыёне “Лакаматыў”
забаронены з той прычыны, што ў гэты ж дзень там запланавана іншая акцыя.
Аляксандр Храпко адзначае, што заяўка была пададзена своечасова, і выглядае
неверагодным, каб хтосьці яшчэ планаваў сваё мерапрыемства у гэтым месцы да
таго часу, пакуль улады не атрымалі заяўку ад актывістаў кампаніі “За малы
памежны рух”.
Што да забароны аналагічнага пікета ў парку воінаў-інтэрнацыяналістаў, дык
пакуль пісьмовага тлумачэння на гэты конт з гарвыканкама заяўнікі не атрымалі.
Увогуле, паводле словаў Аляксандра Храпко, у Брэсцкай вобласці з усіх
пададзеных заявак на правядзенне падобных акцый дазвол быў атрыманы толькі на
пікет, які адбыўся ў Пружанах.