У Беларусі змагаюцца з алкагалізацыяй: што, як і навошта? – Гутарка з кіраўніком кампаніі
У Беларусі з восені 2013 года ідзе кампанія «Абаронім нашых дзяцей ад алкаголю», мэта якой – спыніць алкагалізацыю насельніцтва краіны. Чаму і навошту праводзіцца гэта кампанія, што прадпрымаюць актывісты і якія ёсць дасягненні парталу КРЫНІЦА.INFO распавяла каардынатар кампаніі Вольга Кавалькова.
КРЫНІЦА.INFO: Чаму вы вырашылі заняцца гэтай кампаніяй? Наколькі яна актуальная?
Вольга КАВАЛЬКОВА: Ідэя пачаць кампанію па дэалкагалізацыі насельніцтва Беларусі з’явілася яшчэ ў 2012 годзе, але тады мы актыўна праводзілі кампанію «У абарону жыцця» па змене заканадаўства ў галіне абортаў.
У кастрычніку 2013 года адбылася першая працоўная сустрэча актывістаў кампаніі «За сямейныя каштоўнасці», на якой было прынята рашэнне аб старце кампаніі «Абаронім нашых дзяцей ад алкаголя». Кампанія пачалася з юрыдычнай распрацоўкі зменаў у заканадаўства, якое рэгулюе вытворчасць і продаж алкаголю ў Беларусі.
Ідэя пачаць кампанію перадусім абумоўлена жудаснай для нашай краіны статыстыкай па спажыванні алкаголю і звязаных з гэтым праблем. Мы займаем першае месца ў свеце па спажыванні алкаголю. Пра гэта сведчыць статыстыка Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, якая выйшла ў траўні 2014 года. Кожны беларус сёння выпівае 17,5 літраў алкаголю ў год. Пры тым, што дэградацыя нацыі ў сацыяльным, эканамічным, дэмаграфічным і культурным накірунках пачынаецца з васьмі літраў.
Сёння каля мільёна беларусаў злоўжываюць алкаголем, з іх 262 тыс. чалавек знаходзяцца на ўліку. Таксама алкагалізм з’яўляецца прычынай каля паловы разводаў у Беларусі і з’яўлення вялікай колькасці дзяцей-сіротаў. Вельмі дрэнна абстаіць сітуацыя і з дзіцячым алкагалізмам. Толькі паводле афіцыйнай статыстыкі каля 16 тыс. дзяцей і падлеткаў стаяць на наркалагічным уліку. Штогод у стане алкагольнага ап’янення ў Беларусі здзяйсняецца каля 30 тыс. правапарушэнняў. І эканамічны ўрон ад алкагалізму штогод складае каля 7% сукупнага ўнутранага прадукту.
Мала хто ведае, гэтую статыстыку, але ўсе разумеюць, што праблемы ёсць.
КРЫНІЦА.INFO: Што вы прапануеце супраць гэтага?
Вольга КАВАЛЬКОВА: Нашы юрысты распрацавалі план кампаніі. Яна праходзіць у шматлікіх гарадах Беларусі: ува ўсіх абласных цэнтрах і многіх рэгіянальных гарадах, якія і зараз далучаюцца да правядзення кампаніі. Мы прапануем ўраду, Нацыянальнаму сходу, датычным міністэрствам і ведамствам юрыдычныя змены заканадаўства, заснаваныя на станоўчым досведзе замежных краін.
Так, мы прапануем забараніць рэкламу алкагольных, слабаалкагольных напояў і піва, а таксама гандлёвых брэндаў, якія маюць дачыненне да вытворчасці алкагольнай прадукцыі.
Таксама прапануецца абмежаваць продаж алкаголю: у Мінску – з 11:00 да 22:00, у іншых гарадах – актывісты прапануюць свой час. Апроч таго, мы выступаем за тое, каб алкаголь прадаваўся толькі ў залах і аддзелах крамаў, якія маюць асобны ўваход, і толькі асобам, якія дасягнулі 21 года, слабаалкагольных напояў і піва – з 18 год. Прапануецца прыраўняць слабаалкагольныя напоі і піва з доляй алкаголю ад 0,5% да алкагольных напояў, вылучаць на льготных умовах памяшканні арганізацыям і ўстановам, якія аказваюць бескаштоўную дапамогу людзям з алкагольнай залежнасцю і іх сем’ям, а таксама – увесці абавязковае правядзенне прафілактычных заняткаў ў школах, каледжах, вну аб шкодзе ўжывання алкаголю і тытуню з абавязковым удзелам прадстаўнікоў рэлігійных і грамадскіх арганізацый, якія займаюцца рэабілітацыяй нарказалежных і алкаголікаў.
Гэтыя абмежавальныя меры мы лічым першым крокам, які можна зрабіць у напрамку дэалкагалізацыі.
КРЫНІЦА.INFO: Ёсць такое меркаванне, што забаронамі нічога не вырашыш, і чалавек, калі хоча, можа знайсці ўсё што яму трэба? Ці варта ў такім выпадку нешта забараняць ці абмяжоўваць?
Вольга КАВАЛЬКОВА: Сапраўды, наша грамадства вельмі стамілася ад забаронаў. І ранейшы досвед у нашай краіне, у тым ліку ў савецкі перыяд, па змаганні з алкагалізацыяй насельніцтва, паказвае, што забаронамі нічога не вырашыць. Але мы можам прыняць абмежавальныя меры, якія будуць мець станоўчы вынік. Напрыклад, забарона рэкламы алкагольных напояў ніяк не перашкодзіць чалавеку набыць алкаголь. Але ж дзеці перастануць бачыць паспяховых асобаў, якія стаяць з бутэлькай вады з гарэлачнай назвай, бо візуалізацыя вельмі моцна ўплывае на ўспрыняцце алкаголю.
Безумоўна, у галіне дэалкагалізацыі вельмі важна працаваць над зменамі ў грамадстве, каб бацькі не ўжывалі алкаголь разам з дзецьмі, каб была нейкая альтэрнатыва баўленню часу сем’ямі, каб інфармацыі пра гэта было болей. І для гэтага неабходная комплексная праца: і заканадаўчыя абмежаванні, і праца ў сем’ях, і папулярызацыя здаровага ладу жыцця.
Наша ж дзяржава, хоць і кажа пра праблему алкагалізацыі ды прымае нейкія захады, але аб’ёмы вытворчасці і продажу алкаголю з кожным годам толькі павялічваецца. І дзяржава на гэтым зарабляе, пры гэтым страчваючы 7% СУП штогод.
Так, забаронамі нічога не вырашыш, але грамадства павінна ўсведамляць праблему, і тое, што з ёй трэба змагацца, а дзяржава павінна зрабіць барацьбу з алкагалізацыяй адным з прыярытэтаў.
КРЫНІЦА.INFO: Што вы ўжо зрабілі ў межах кампаніі?
Вольга КАВАЛЬКОВА: У межах кампаніі нашы актывісты па ўсёй краіне сабралі ўжо больш за 13 тыс. подпісаў у падтрымку прапанаваных зменаў. Мы звярталіся з гэтымі прапановамі ў розныя міністэрствы: унутраных спраў, гандлю, аховы здароўя, Савет міністраў. Адбыліся сустрэчы з намеснікам міністра гандлю, з віцэ-прэм’ерам Сямашкам. Таксама праводзіўся шэраг акцый у розных рэгіёнах Беларусі, падчас якіх мы распавядалі людзям пра кампанію, прасілі іх падтрымкі, прасілі паставіць подпісы. Апроч таго, мы распаўсюджваем улёткі па кампаніі з мэтай заахвоціць людзей дапамагчы ў яе правядзенні, далучыцца, актывізаваць людзей, якія зацікаўленыя ў барацьбе з алкагалізмам. І людзі сапраўды далучаюцца.
КРЫНІЦА.INFO: Што плануеце зрабіць бліжэйшым часам?
Вольга КАВАЛЬКОВА: У бліжэйшы час у нас запланавана яшчэ шмат новых акцый. Плануем наведаць некаторыя міністэрствы з нашымі прапановамі. Будзем працягваць збор подпісаў, распаўсюджваць улёткі. Мы планавалі па ўсёй рэспубліцы правесці пікеты ў падтрымку нашых прапаноў, але толькі адзін пікет быў дазволены – у Клічаве. Але нават пасля выдачы дазволу ўлады не далі нам магчымасці яго правесці. Плануем працягваць падаваць заяўкі на пікеты па гэтай тэматыцы, але бачна, што ўлада незацікаўленая ва ўзняцці гэтай праблемы.
КРЫНІЦА.INFO: Ці ёсць спадзевы, што кампанія можа прынесці плён?
Вольга КАВАЛЬКОВА: Толькі сапраўдны ціск і ахвярная праца нашых людзей, наша актыўнасць могуць неяк паўплываць на вырашэнне хвалюючых пытанняў. І ўжо бачна па сустрэчах у Мінгандлю, Савеце міністраў, па адказах з міністэрстваў, што дзяржава ўсведамляе праблему і неабходнасць нешта рабіць. І, улічваючы маштаб і масавасць кампаніі, я спадзяюся, што нашы прапановы будуць прынятыя. Зразумела, што на вялікія нейкія страты для бюджэту ад абмежавання продажу алкаголю дзяржава пайсці не хоча
Мы ўжо атрымалі адказ ад Мінгандлю аб тым, што яны плануюць забараніць рэкламу брэндаў, якія маюць дачыненне да алкаголю і сёння рэкламуюць пад выглядам пітной вады алкаголь. Таксама плануецца ўвесці абмежаванні па часе продажу алкаголю, і толькі з 21 года моладзь зможа яго набываць.
Але пакуль гэта толькі законапраекты. Паглядзім, што будзе далей. У любым выпадку мы працягнем працаваць, каб былі прынятыя не толькі гэтыя меры, але і іншыя прафілактычныя меры, меры сацыяльнай дапамогі сем’ям. Каб алкаголь, да якога звяртаецца чалавек, не быў адзіным выйсцем з нейкіх крызісных сітуацый. Каб дзяржава думала не толькі пра тое, як узбагаціць свой бюджэт, але і пра тое, што сёння Беларусь знаходзіцца ў небяспецы.
Мы спадзяемся, што Беларусь праз некалькі год – гэта не аднаго дня пытанне — зможа выйсці з гэтага крызісу. Напрыклад, у краінах Скандынавіі была падобная праблема, але зараз мы бачым, што змена заканадаўства, змена стаўлення дзяржавы да гэтай праблемы, выправілі сітуацыю і людзі ў гэтых краінах пачалі ўжываць меней алкаголю.
Я заклікаю ўсіх неабыякавых людзей далучацца да нашай кампаніі па тэлефоне 8029-167-34-35, ці па e-mail [email protected], ці на сайце: stop-alcogol.org, бо толькі разам мы зможам зрабіць нашу краіну моцнай, а беларускія сям’і шчаслівымі! Таксама можна накіраваць электронны ліст у міністэрства аховы здароўя і Палату прадстаўнікоў з просьбай унесці змены ў заканадаўства Беларусі.