Віцебскія ўлады абяцаюць пачаць будаўніцтва паліклінікі ў Білеве
Нарэшце стала вядома,
калі ў Білева пачнуць будаваць паліклініку. У лісце-адказе намесніка старшыні
Віцебскага аблвыканкама У.У.Цярэнцьева на зварот больш за 4000 грамадзян
паведамляецца, што будаўніцтва пачнецца ў другім квартале 2015 года.
Яшчэ ў 2011 годзе пачата распрацоўка праектна-каштарыснай
дакументацыі “Комплекснага паліклінічнага цэнтра ў мікрараёне Білева-2”. Па
стане на 28 ліпеня, паведамляецца ў адказе, распрацаваны архітэктурны праект
паліклінікі для дарослых, жаночай кансультацыі і адміністрацыйна-бытавога
корпуса. На гэта патрацілі 2,6912 млрд рублёў.
У другой чарзе: дзіцячыя паліклініка і стаматалогія. Потым — стаматалагічная
паліклініка для дарослых. І апошнія ў планах – гаражы для паліклінічнага
комплекса. На праект усяго цэнтра прадугледжана 5,6 млрд рублёў.
Плануецца, што паліклінічны комплекс у Білева зможа
абслугоўваць 48270 жыхароў, менавіта столькі людзей будзе жыць у Білева 1,2,3 з
разліку па генеральным плане і фактычнай застройцы да 2020 года, паведамляе
намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама У.У.Цярэнцьеў.
“Пачакаем. Да чарговага пачатку будаўніцтва абяцанай
паліклінікі ў мікрараёнах Білева засталося паўгода. Папярэднія абяцанкі былі як
раз год таму, калі старшыня Віцебскага аблвыканкама А.М.Косінец дзесьці
ўрачыста схаваў капсулу (дзякуй Богу, што не бомбу!) у тым месцы, дзе сёлета
павінна было пачацца будаўніцтва паліклінікі. Але ж мы, віцябляне, людзі
разумныя і добра ведаем, што абяцаць, не значыць – выканаць!” – адзначае
актывістка кампаніі БХД за пабудову паліклінікі Алена Шабуня.