Севярынец: мы працуем з людзьмі напярэдадні кампаніі 2015 года
Новы палітычны сезон у Беларусі будзе
вызначацца падрыхтоўкай да маючых адбыцца ў 2015 годзе выбараў прэзідэнта.
Партыі і рухі маюць і шэраг уласных мэтаў на год.
Усе ўдзельнікі палітычнага працэсу ў Беларусі
згодны з тым, што галоўнай падзеяй чаканага сезону стануць выбары кіраўніка
дзяржавы. Апазіцыя спрабуе вызначыцца з адзіным кандыдатам. Пры гэтым шматлікія
апаненты ўлады лічаць, што час ужо страчаны.
Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі
БХД Павал Севярынец паведаміў, што яго арганізацыя засяродзіцца, па-першае, на
кампаніі “Народны кантроль”, якая ўключае ў сябе падкампаніі сацыяльнага
характару ў буйных гарадах Беларусі. Гэта антыалкагольныя мерапрыемствы,
мерапрыемствы ў падтрымку будаўніцтва паліклінік, пытанні экалогіі. “Ужо
сабрана больш за дваццаць тысяч подпісаў. Такім чынам мы працуем з людзьмі
напярэдадні самай важнай палітычнай кампаніі 2015 года”, – падкрэсліў
Севярынец.
БХД таксама будзе ўдзельнічаць у вызначэнні адзінага
кандыдата ад дэмакратычных сіл.