Мінжылкамгас: запланаваны на 2011 год смеццекамбінат пад Віцебскам пабудуюць як толькі, дык адразу
Віцебскія сябры кампаніі “Народны кантроль” атрымалі чарговы і, пэўна,
апошні, адказ з Міністэрства жыллёва –
камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь за №03-26-15/С-1926 па запыце-скарзе
ад імя 945 падпісантаў звароту наконт будаўніцтва смеццеперапрацоўчага
камбінату пад Віцебскам, пабудова якога была запланавана на 2011год.
З адказу Мінжылкамгасу,па даручэнні Савета Міністраў РБ, калі коратка
абагульніць грунтоўную справаздачу, вынікае: як толькі, дык адразу…
Як толькі знойдзецца інвестар (пералік інвестарскіх кампаній, якія чамусьці
альбо завалілі справу, і ім быў дадзены ад варот паварот, альбо аніяк не хочуць
укладаць грошы ў гэты праект);
як толькі, галоўнае(!), Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця дасць
крэдыт. Пра гэта, гаворыцца ў лісце, хадайнічае Віцебскі аблвыканкам.
А пакуль “канкрэтных прапаноў ад патэнцыйных інвестараў да цяперашнега часу
не паступіла і крыніца фінансавання будаўніцтва не вызначана, у сувязі з чым
канкрэтных тэрмінаў будаўніцтва смеццеперапрацоўчага прадпрыемства для Віцебска
на ўвесь аб’ём адходаў, якія ўтвараюцца ў г. Віцебску, у дадзены момант назваць
не прадстаўляецца магчымым”.
“Замест “прадпрыемства” далей гаворка ідзе пра новы палігон. І вось калі
будзе пабудаваны гэты новы палігон, зразумела, зачыніцца стары (у лісце тэрміны
не названыя), той, што ўжо у межах гораду, той, які існуе з 1972 году і на які
штодня звозіцца, па інфармацыі з ліста Мінжылкамгасу, амаль 707 тон смецця.
Той, які з’яўляецца бомбай маруднага дзеяння для абласнога цэнтру. Але
мільганула прывідная надзея: “Дадзены праект (палігон-аўт.)плануецца ўключыць ў
інвестыцыйную праграму 2015 года. Аб’ёмы фінансавання і тэрміны будаўніцтва
будуць вызначаны пасля фарміравання бюджэту вобласці на чарговы фінансавы год
“(цытата). Ліст падпісаны міністрам А.В. Шорацам”, – распавяла каардынатар
віцебскага аргкамітэту БХД Таццяна Севярынец.